"Мінск-Свет" павінен стаць узорам супрацоўніцтва Беларусі і Сербіі

22 июня 2015

Яшчэ адна сустрэча ў рабочым графіку Прэзідэнта тычылася будаўніцтва міжнароднага фінансавага цэнтра - комплексу "Мінск-Свет". Ён павінен стаць узорам супрацоўніцтва Беларусі і Сербіі. Пра гэта сёння заявіў Кіраўнік дзяржавы падчас размовы з саўладальнікам міжнароднай камерцыйнай кампаніі "Браты Карыч" Багалюбам Карычам і дэпутатам Народнай скупшчыны Сербіі Драгамірам Карычам. Іх кампанія - асноўны інвестар аднаго з самых амбіцыйных праектаў сталіцы. І з'явіцца ён у найбліжэйшай будучыні на месцы аэрапорта Мінск-1 і авіярамонтнага завода. Першы камень будзе закладзены ўжо ў верасні. Агульная плошча забудовы - больш за 300 гектараў. Для параўнання, гэта чвэрць Кастрычніцкага раёна. Першапачаткова праект пачынала будаваць расійская кампанія, але яна з пастаўленай задачай не справілася. І па рашэнні Кіраўніка дзяржавы зараз узвядзенне цэнтра ў руках сербскіх інвестараў.

Праекту "Мінск-Свет" няма аналагаў у Еўропе. Такія дзелавыя цэнтры ёсць толькі ў Дубаі, Сінгапуры і Ганконгу. Агульныя інвестыцыі праекта - каля 3 з паловай мільярдаў долараў. Ён аб'яднае міжнародны фінансавы цэнтр, вышынныя офісныя будынкі, жылыя кватэры, школы, дзіцячыя сады, магазіны і забаўныя цэнтры. Падрабязнасці гэтай сустрэчы глядзіце сёння ў "Панараме".