Мінск і Хартум гатовыя пашыраць супрацоўніцтва ў самых розных сферах

10 декабря 2018

Гэта агульны вынік беларуска-суданскіх перамоў. У гэтыя дні прэзідэнт гэтай краіны знаходзіцца ў нас з афіцыйным візітам. Аляксандр Лукашэнка заявіў на сустрэчы: Беларусь поўная рашучасці рэалізаваць усе дамоўленасці з Суданам. А гэта сумесныя праекты ў золатаздабычы, машынабудаванні, адукацыі. Шматлікія перашкоды атрымалася зняць проста падчас перамоў. Судан - важны партнёр для прасоўвання нашай краіны на Афрыканскім кантыненце. Падпісаны пакет дакументаў палегчыць працу ўрадаў дзвюх дзяржаў.

Падрабязнасці вялікага перагаворнага дня даведаемся ў нашага палітычнага аглядальніка Наталлі Брэвус.

Візіт Прэзідэнта Судана афіцыйны - гэта значыць, што прадугледжаны асаблівы ўрачысты цырыманіял. Гэтым разам праходзіць ён не знадворку ў атрыуме, а ўнутры Палаца Незалежнасці. Што рабіць: надвор'е не радуе, але сустракаюць госця, як і прынята ў Беларусі, - цёпла і сардэчна.

У апошнія паўтара года ў двухбаковых адносінах адзначаецца асаблівы прагрэс. Штуршком для развіцця дыялогу стаў візіт нашага Прэзідэнта ў Хартум узімку 2017. Менавіта з падачы Аляксандра Лукашэнкі кантакты паміж Беларуссю і Суданам развіваюцца.

Судан - важны партнёр для прасоўвання нашай краіны на Афрыканскім кантыненце. І, па сутнасці, тады ў Хартуме вызначыліся з планам дзеянняў. І ён ужо даў свае вынікі. Але патэнцыял у дзвюх краін, якія знаходзяцца на стыку найважнейшых рэгіёнаў, вялізны. Беларусь злучае Еўропу і Азію, уваходзіць у Еўразійскі саюз. Судан з'яўляецца мостам паміж арабскай цывілізацыяй і Афрыкай.

Амар Хасан Ахмед Аль-Башыр, Прэзідэнт Судана: "Для мяне вялікае шчасце быць у Беларусі, дружалюбнай для нас краіне. Нашы адносіны ўмацоўваюцца, асабліва пасля Вашага візіту ў Хартум летась. Рэальны вынік Вашага візіту - адкрыццё пасольства Судана ў Беларусі. Мы вельмі здаволеныя ўзроўнем нашых адносін. Са мной прыбыла вялікая дэлегацыя, і мы ўпэўненыя, што разам з Беларуссю можам зрабіць многае".

Эканоміку гэтай афрыканскай краіны робіць аграрны сектар і здабыча нафты. Гэта вызначыла лініі супрацоўніцтва. Лічбы агульнага тавараабароту пакуль сапраўды не за мяжой мары, але Беларусь нарошчвае свой экспарт у гэтую краіну. У 2018 годзе на суданскі рынак паставілі трактарную тэхніку, металапрадукцыю, рухавікі ўнутранага згарання, помпы і кампрэсары, электраабсталяванне. Мінск і Хартум разлічваюць на большае, чым просты абмен таварамі.

Што перспектыўна? Удзел беларусаў у праектах у сферах энергетыкі, будаўніцтва. Але не толькі. Каб палепшыць узаемаразлікі, дамаўляліся яшчэ раней, што нашы кампаніі будуць здабываць золата ў Судане. Стала вядома, што Прэзідэнтам Аль-Башырам прынята рашэнне аб адкрыцці ўжо другога радовішча для гэтага. Узяцца гатовыя за арганізацыю ў Судане сумесных зборачных вытворчасцяў аўтамабільных і сельскагаспадарчых машын. І вось тут была перашкода: падатак на тэхніку ў Судане рабіў гэта не вельмі выгадным. Гэтае пытанне знялі падчас перамоў.

Прыклады такой працы ў нас ёсць. Як гаворыцца, тое, што ўжо зроблена, - лепшая рэклама, а гэта сельгаскомплексы на Сахаліне, прамысловыя цэнтры ў Таджыкістане і Узбекістане. Усё гэта справа рук беларускіх прафесіяналаў. Дапамагчы гатовыя і з кадрамі: што для нас прасоўванне адукацыйных паслуг, для суданцаў адчувальная дапамога - падрыхтоўка патрэбных спецыялістаў. Усё, пра што дамовіліся, вельмі важна для Судана. Так, краіна з багатымі нетрамі, але зараз рэальна адчувае дэфіцыт тэхналогій і вопыту. Таму так учапіліся суданцы за агульныя з Беларуссю праекты. У цэлым Мінску і Хартуму па сілах вывесці супрацоўніцтва ў гандлёва-эканамічнай сферы на новы ўзровень. 

У сумеснай заяве лідары ўмовіліся ўмацоўваць партнёрства. Таксама сярод падпісаных дакументаў пагадненні ў падатковай сферы, дамовіліся аб узаемнай дапамозе ў прававых і мытных справах, напрыклад. Ёсць мемарандум аб супрацоўніцтве ў прамысловасці. Многае можа зрабіць Беларусь для аграрнага сектара Судана. У прысутнасці лідараў подпісамі змацавалі кантракты ў сферы АПК - размова пра пастаўкі зерневых комплексаў.

Амар Хасан Ахмед Аль-Башыр, Прэзідэнт Судана: "Падпісаныя пагадненні ствараюць для нас добрую глебу для далейшага развіцця двухбаковых адносін. Мы ў Судане будзем кантраляваць іх выкананне і ажыццяўленне - бо яны даюць вялікі штуршок нам. Усе гэтыя пагадненні для Судана - пачатак стратэгічнага партнёрства з Вашай краінай".

Такім быў дзень афіцыйных перамоў. Але візіт Прэзідэнта Судана працягваецца. Заўтра пройдуць сустрэчы ў парламенце. У Мінску адкрыецца і пасольства Судана. Адкрыць сваё прадстаўніцтва ў Хартуме гатовая ў будучыні і Беларусь.