Мінск і Каір прынялі комплексную дарожную карту на найбліжэйшыя два гады

18 июня 2019

Эканомікі  Беларусі і Егіпта  становяцца бліжэйшымі, а дружалюбныя адносіны  пераходзяць у ранг узаемавыгаднага партнёрства.

Імпульс двухбаковаму супрацоўніцтву павінен надаць першы ў гісторыі нашых адносін  афіцыйны візіт прэзідэнта Егіпта ў Мінск. Сёння высокага госця прымалі ў Палацы Незалежнасці. 

Егіпет - важны для Беларусі гандлёвы партнёр на Блізкім Усходзе і Афрыканскім кантыненце. Роля гэтай дзяржавы ў рэгіёне расце. Егіпет паспяхова завяршыў  палітычныя пераўтварэнні, больш устойлівай стала і эканоміка краіны. Аляксандр Лукашэнка і Абдэль Фатах аль-Сісі адзначылі, што нічога не перашкаджае нашым дзяржавам наладзіць яшчэ больш цеснае супрацоўніцтва і даць старт новым сумесным праектам.

З 2017 (пасля афіцыйнага візіту Аляксандра Лукашэнкі ў Каір)  тавараабарот паміж краінамі практычна падвоіўся. Вынік мінулага года - 108 мільёнаў долараў. Аднак гэта далёка не мяжа,  адзначылі лідары. Пасля сустрэчы ў фармаце сам-насам  да прэзідэнтаў  далучыліся члены дэлегацый. Беларусь гатовая падзяліцца з егіпецкімі партнёрамі ўласнымі прамысловымі тэхналогіямі. Размова не толькі пра машынабудаванне. На паўночнаафрыканскім  рынку ўжо добра ведаюць нашы  МАЗы, сельгастэхніку, пагрузчыкі "Амкадор". Можам прапанаваць тэхналогіі стварэння цяплічных комплексаў, мяса-малочных ферм, вытворчасць прадуктаў харчавання. Егіпецкі бок зацікавілі і нашы тэхналогіі  па ачыстцы вады.

Вынікі перамоў замацавалі на паперы. Скарбонку дамоўленасцяў папоўнілі пагадненні ў розных сферах супрацоўніцтва, акрамя таго Беларусь і Егіпет прынялі комплексную дарожную карту на найбліжэйшыя два гады. Раўнапраўе, узаемная павага і давер - на гэтых прынцыпах будуць і далей будавацца адносіны афіцыйных Мінска і Каіра. Падрабязнасці візіту егіпецкай дэлегацыі  глядзіце ў наступных выпусках навін.