Мінск і Душанбэ гатовыя ўмацоўваць палітычны дыялог

17 мая 2018

Мінск і Душанбэ гатовыя ўмацоўваць палітычны дыялог і падтрымліваць адзін аднаго на сусветнай арэне. Такія вынікі афіцыйнага візіту нашага Прэзідэнта ў Таджыкістан. Канкрэтныя крокі ўжо зроблены - падпісаная дарожная карта двухбаковага супрацоўніцтва.

Афіцыйна быў запушчаны яшчэ адзін важны сумесны праект - у Гісары адкрылася зборачная вытворчасць беларускай сельгастэхнікі. Яна арыентавана ў тым ліку на рынкі трэціх краін. Прэзідэнты адкрылі тут памятны знак. Аляксандр Лукашэнка і Эмамалі Рахмон азнаёміліся з вытворчасцю, яна разлічана на выпуск паўтысячы машын за год, але ёсць магчымасць пашырацца. Прэзідэнт Беларусі падтрымаў ідэю, каб частка вузлоў для тэхнікі выраблялася непасрэдна ў Таджыкістане. Размова таксама ішла наконт падрыхтоўкі мясцовых спецыялістаў на канвеернай вытворчасці ў Беларусі.

Нагадаем, гэтымі днямі прэзідэнты правялі маштабныя перамовы, а прадстаўнікі дзелавых колаў Мінска і Душанбэ падпісалі шэраг кантрактаў на бізнес-форуме. У аўторак у Таджыкістане стартавала і нацыянальная выстава Беларусі, якую было вырашана прадоўжыць на тыдзень з-за вялікай цікавасці з боку бізнесменаў шэрагу краін.