Мінск і Абу-Дабі ўзмоцняць узаемадзеянне ў сельскай гаспадарцы, прамысловасці, банкаўскай справе, лагістыцы і гуманітарнай сферы

6 ноября 2019

Гэта папярэднія вынікі па слядах сённяшніх перамоў Прэзідэнта Беларусі з наследным прынцам Абу-Дабі, намеснікам Вярхоўнага галоўнакамандуючага Узброенымі Сіламі ААЭ - шэйхам Мухамедам бен Заідам аль-Нахаянам.

Прэзідэнт Беларусі сустрэўся з наследным прынцам Абу-Дабі

У сярэдзіне верасня наследны прынц пабываў у Беларусі з візітам, таму цяперашняя сустрэча - гэта падстава абмеркаваць рэалізацыю дасягнутых раней дамоўленасцяў. А гэта мноства праектаў - ад сельскай гаспадаркі да IT-сферы. Лідары (у тым ліку і сёння) вызначылі далейшыя крокі па іх выкананні. Аляксандр Лукашэнка адзначыў той факт, што дэлегацыя эмірацкіх дзелавых колаў аператыўна прыбыла ў Беларусь, што гаворыць аб рэальнай зацікаўленасці ААЭ ў развіцці гандлёва-эканамічнага і інвестыцыйнага супрацоўніцтва.

У апошнія гады лічбы ўзаемнага гандлю не вызначаліся пастаянствам. Але тым не менш, азначыўся пазітыўны трэнд. За першае паўгоддзе гэтага года наш экспарт склаў 44 мільёны долараў. Аб'ём эмірацкіх інвестыцый за 2018-ы наблізіўся да сотні.

Улічваючы маштаб і амбіцыёзнасць заяўленых праектаў, наш Прэзідэнт паабяцаў усялякае садзейнічанне, каб любыя пытанні вырашаліся максімальна эфектыўна. Асобную ўвагу на сустрэчы надалі супрацоўніцтву ў галіне спорту. Таксама лідары дзвюх краін падрабязна абмеркавалі сітуацыю ў рэгіёне Блізкага Усходу і ў глабальным кантэксце. Адным са складальнікаў двухбаковых адносін з'яўляецца ваенна-тэхнічнае супрацоўніцтва. У гэтым плане заяўлена аб гатоўнасці да пашырэння дыялогу па кірунках, якія цікавяць эмірацкі бок (у тым ліку ў галіне навуковых даследаванняў, навучанні, правядзенні сумесных трэніровак і абмене вопытам).

Аляксандр Лукашэнка падзякаваў шэйху Мухамеду бен Заіду аль-Нахаяну за гасціннасць і ўвагу, аказаныя беларускай дэлегацыі ў Эміратах. Усход славіцца сваёй ветлівасцю. У гэтым нашы краіны падобныя. Прэзідэнт, падкрэсліваючы асаблівы ўзровень адносін, падарыў наследнаму прынцу падарункі "з сэнсам". Сярод іх - незвычайнае пано-галаграма "Сокалы". Як вядома, гэтая грацыёзная і рэдкая птушка - увасабленне сілы і мужнасці, сімвал Аб'яднаных Арабскіх Эміратаў. Для жыхароў краіны сокалы - паказчык статусу і часцяком каштуюць яны даражэй, чым дом. Птушка намаляваная на банкнотах і гербе ААЭ. А сакалінае паляванне - не толькі папулярны спорт, але і даніна традыцыям - спосаб захаваць нацыянальную спадчыну.

Сярод прэзентаў і святая кніга мусульман Каран. Экзэмпляр унікальны. Гэта першы варыянт, выдадзены ў Беларусі на арабскай мове. Падарункі "з сэнсам" - не проста даніна пратаколу, але і знак увагі, якая лішні раз падкрэслівае даверныя асабістыя адносіны, а таксама нацэленасць развіваць партнёрства дзяржаў.