Міністрам Мінсельгазхарча прызначаны Анатоль Хацько

2 апреля 2019

Міністрам сельскай гаспадаркі і харчавання краіны прызначаны Анатоль Хацько. Ён змяніў на гэтай пасадзе Леаніда Зайца, які зараз кіруе Магілёўскім аблвыканкамам. А вось за Шклоўскі раён зараз адказвае Аляксандр Ціток. Ён да гэтага працаваў начальнікам Дэпартамента МНС па ліквідацыі наступстваў катастрофы на Чарнобыльскай АЭС. Яшчэ раней  кіраваў Хойніцкім райвыканкамам. Нагадаем, прынцыповыя кадравыя рашэнні Кіраўнік дзяржавы прыняў у сувязі са слабымі паказчыкамі рэгіёна ў цэлым.

У гэтыя хвіліны ў Палацы Незалежнасці праходзіць нарада па актуальных пытаннях рэгіянальнага развіцця. Дасягненне годнага ўзроўню і якасці жыцця грамадзян - задача, якую ставіць Прэзідэнт перад урадам і губернатарамі. Аляксандр Лукашэнка акрэсліў і ключавыя кірункі дзеянняў: упор на эканоміку рэгіёнаў і сістэмны падыход да інвестыцый, стварэнне якасных рабочых месцаў і развіццё будаўнічага комплексу. Асобна Прэзідэнт адзначыў, што дагэтуль не выконваюцца патрабаванні па росце і своечасовай выплаце зарплаты. Закрануў і праблемы ў пасяўной кампаніі, якая  толькі што  стартавала. 

Прэзідэнт нагадаў, што гэты год - год азелянення і навядзення парадку. Гэта важна і з пункта погляду здароўя людзей, і, вядома, вонкавы выгляд - візітная картка краіны, якая зусім хутка прыме найбуйнейшыя спартыўныя спаборніцтвы кантынента.