Міхаіл Орда далажыў Прэзідэнту пра вынікі прафсаюзнага маніторынгу цэн

2 мая 2018

Вынікі народнага кантролю Федэрацыі прафсаюзаў Беларусі сёння сталі асноўнай тэмай гутаркі ў Палацы Незалежнасці.

Аляксандр Лукашэнка сустрэўся з кіраўніком арганізацыі. Міхаіл Орда далажыў Кіраўніку дзяржавы пра вынікі прафсаюзнага маніторынгу цэн. Год таму гэтую ініцыятыву асабіста падтрымаў Прэзідэнт. Цэны назіралі ва ўсіх 118 раёнах краіны, абласных гарадах і сталіцы. Такі кантэнт-аналіз распаўсюджваецца амаль на тры сотні магазінаў і 100 тавараў. Пры гэтым асаблівая ўвага надаецца суадносінам росту цэн і зарплаты. У прафсаюзаў выклікае занепакоенасць рост цэн на камунальныя паслугі. За першы квартал гэтага года яны павялічыліся больш як на 10 %. Акрамя таго, людзі часта паднімаюць пытанне аб значным росце цэн на праезд у электрычках і дызель-цягніках. На сталым кантролі прафсаюзаў таксама знаходзіцца кошт адзення, абутку і лекаў.

Міхаіл Орда таксама далажыў Прэзідэнту аб мадэрнізацыі структуры прафсаюзаў. Гэтае рашэнне было прынята тры гады таму на сёмым з'ездзе Федэрацыі. У выніку колькасць членскіх арганізацый з 28 скарацілася да 18. Зараз удасканальваецца структура галіновых прафсаюзаў. Яшчэ адно патрабаванне Прэзідэнта, вылучанае падчас з'езду: у кожнай арганізацыі, незалежна ад формы ўласнасці, павінен быць прафсаюз. За тры гады было створана 2 200 новых першасных ячэек.