Маштабная нарада Кіраўніка дзяржавы з аграрыямі застаецца ў цэнтры ўвагі СМІ

4 апреля 2018

Маштабная нарада Кіраўніка дзяржавы з аграрыямі застаецца ў цэнтры ўвагі не толькі профільных экспертаў, але і большасці сродкаў масавай інфармацыі. Бо спектр пытанняў, актуальных для гэтай галіны, закранае вельмі і вельмі многіх. Кожны дзясяты беларус зараз працуе ў АПК.

Больш за 250 спецыялістаў-аграрыяў напярэдадні разам з Прэзідэнтам каля пяці гадзін абмяркоўвалі перспектывы галіны. За рамкамі семінара-нарады не засталося ні ўтоеных праблем, ні вострых пытанняў. Разам з тым акрэслены і галоўныя кірункі развіцця.

Што трэба зрабіць для эфектыўнай працы сферы АПК? Яе аснова - гэта сельгасарганізацыі, многім з якіх патрэбна фінансавае аздараўленне. Стратных становіцца менш, але тэмпы не радуюць, адзначыў Прэзідэнт. Час прывыкнуць, што вытворчасць на сяле - гэта бізнес, а не сацыяльны праект. І тут пункты росту - у правільным выкарыстанні прыродных, матэрыяльных, фінансавых і працоўных рэсурсаў.

Увогуле, жаданы эфект крыецца ў дробязях. Канкрэтныя даручэнні ўраду - наладзіць аптымальную сістэму падрыхтоўкі кадраў для галіны, спраецыраваць задачу па павышэнні аплаты працы і на сельгассектар. А таксама ў цэлым звярнуць увагу на ўзровень жыцця на сяле. Праект "Вёска будучыні" - эталон сацыяльных стандартаў для беларускай глыбінкі. Ён падымае планку для ўсіх: добрыя дарогі, якасная вада, поўны набор тавараў у магазіне і нават высакахуткасны Інтэрнэт. Жыццё ў вёсцы нічым не павінна адрознівацца ад гарадскога.

Адкрыты дыялог паказаў, што праблем у аграрыяў не менш, чым у жыхароў вялікага горада. Спецыфіка свая. У адной гаспадарцы карова дае за год 10 тон малака, удругой - у 5 разоў менш. Пасыл кіраўнікам: правільна пралічыць кармавую базу і падмацаваць апошнімі селекцыйнымі распрацоўкамі. Будзе і якасць, і рэнтабельнасць. Крок наперад - арыгінальнасць. У свеце небывалы попыт на дарагі экапрадукт. Але зрабіць яго толькі палова справы. Прадаць - МЗС у дапамогу.

Асновай усяму павінна быць навука. Яшчэ на з'ездзе навукоўцаў супольнасць выступіла за актыўную дапамогу аграрыям. Асноўны пасыл: навуковыя распрацоўкі трымаць не толькі ў галаве, але і ўвасабляць. Гэта і падтрымка ў барацьбе з канкурэнтамі, і патрабаванне часу, і фундамент не толькі гэтага, асаблівага года для АПК.

Для многіх краін свету працягваюць быць актуальнымі пытанні харчовай бяспекі. Яе базавыя прынцыпы яшчэ зусім нядаўна былі галаўным болем і для Беларусі. Цяперашні ўзровень развіцця ставіць выклікі іншага парадку. Цалкам сябе забяспечыўшы, замацавацца на сусветных рынках і развівацца з улікам сучасных умоў.

Сёння доля АПК у валавым унутраным прадукце Беларусі - больш за 7 %. Краіна зарабляе на экспарце сельгаспрадукцыі 5 мільярдаў долараў за год. Задача - падняць гэтую планку да 7, вытрымліваючы геаграфічны баланс. Беларускія прадукты ўжо зараз напрамую пастаўляюцца ў 70 дзяржаў свету. 

Дарэчы, як сведчыць статыстыка, паводле апошніх звестак, Беларусь істотна пераўзыходзіць іншыя краіны СНД па вытворчасці і спажыванні большасці відаў сельгаспрадукцыі на душу насельніцтва.