Сёння Прэзідэнт прыняў з дакладам Генпракурора Беларусі. Удалося абмеркаваць шырокі спектр тэм, якія знаходзяцца ў полі зроку кіраўніка дзяржавы. Перш за ўсё Андрэй Швед далажыў пра агульнае крымінагеннае становішча - канстатаваў зніжэнне колькасці злачынстваў у мінулым годзе. Аляксандра Лукашэнку таксама цікавіла, як ідуць расследаванні крымінальных спраў па выпадках экстрэмісцкай дзейнасці. Канкрэтным было і даручэнне пракурорам - спыняць негатыў у АПК. Асобна ішла размова аб працы органаў пракуратуры па выкрыцці фактаў генацыду беларускага народа падчас Вялікай Айчыннай вайны.
Генпракуратура: падчас Вялікай Айчыннай у Беларусі знішчана не менш як 3 млн мірных грамадзян
Што датычыцца маштабаў трагедыі ў нашай краіне ў гады Вялікай Айчыннай, то тут усё яшчэ трэба сур'ёзна асэнсаваць. Па ініцыятыве Генпракуратуры разгорнута вялікая праца ў гэтай частцы. Беларусь сёння - адзіная дзяржава на постсавецкай прасторы, якая праводзіць поўнамаштабнае расследаванне фактаў генацыду. Апытана больш за 10 тысяч чалавек, агледжана звыш 300 месцаў масавага пахавання. Падчас расследаванняў справы аб генацыдзе беларусаў удалося высветліць, што колькасць загінуўшых мірных жыхароў куды большая, чым было вядома раней. Папярэднія звесткі проста ўражваюць: падчас Вялікай Айчыннай у Беларусі знішчана не менш як 3 мільёны мірных грамадзян. Прэзідэнт прынцыповы: пра гэты жах павінен ведаць свет.
Таму і падтрымаў правядзенне міжнароднай канферэнцыі на тэму генацыду насельніцтва БССР. Што датычыцца процідзеяння экстрэмісцкай дзейнасці, то тут пракуроры настроены рашуча спыняць падобнае.
Па даручэнні Прэзідэнта Генпракуратура падрыхтуе нараду з сілавым блокам
Андрэй Швед анансаваў вялікую нараду на ўзроўні Прэзідэнта па працы сілавога блока. Генпракуратура рыхтуе сустрэчу ў новым фармаце. Мэта - ліквідаваць недахопы ў працы праваахоўнікаў і зрабіць наш шчыт бяспекі яшчэ больш эфектыўным.













