Лепшыя выпускнікі беларускіх ВНУ прымалі віншаванні ад Прэзідэнта

28 июня 2013

Гэтых людзей прынята зваць няйначай як залаты запас краіны. Пераможцы алімпіяд, лаўрэаты конкурсаў, спартсмены… Сёння, напярэдадні Дня Незалежнасці, лепшыя выпускнікі беларускіх ВНУ бралі ўдзел у цырымоніі ўскладання вянкоў да Вечнага агню на плошчы Перамогі.


А ўжо ўвечар прымалі віншаванні на Рэспубліканскім балі. Віншаваў іх асабіста Кіраўнік дзяржавы. І калі раніцай, падчас узнагароджвання заслужаных людзей, Аляксандр Лукашэнка больш гаварыў пра вынікі, дык тут - пра тое, што яшчэ толькі маецца зрабіць. І, судзячы па тых званнях, якія ў гэтых маладых людзей ужо ёсць, іх чакаюць па-сапраўднаму вялікія справы.


Рэпартаж Алесі Высоцкай. Журналісты сёння палявалі на іх, як папарацы на тэлезорак. Вось і Аляксея Ропана, выпускніка Белдзяржуніверсітэта інфарматыкі і радыёэлектронікі, наша здымачная група чакала сорак хвілін. Уладальніка чырвонага дыплома, які патрапіў у дваццатку лепшых праграмістаў свету, не адпускалі нашы калегі-газетчыкі. Аляксея чакае турнір у Вашынгтоне за званне лепшага айцішніка свету.


Такіх зорак, як Аляксей, па-зорнаму - з чырвонай дарожкай - сустракалі сёння на Рэспубліканскім балі выпускнікоў. Прыём на самым высокім узроўні ва ўсіх сэнсах. Ля ўваходу - артысты на хадулях.


Лёгкія сукенкі, іскрыстыя вочы і ўсмешкі. Вячэрні дрэс-код - нават у артыстаў мім-шоу. Госці адразу акуналіся ў атмасферу сучаснага балю.


Жывыя статуі - сярэбраныя і залатыя анёлы. Гасцям прапаноўвалі пагуляць - аніматары не давалі сумаваць. Дзяўчатам дарылі бутаньеркі. І кожны ахвотнік мог зрабіць фота на памяць нават з рэктарамі сваіх ВНУ.


Не меншай папулярнасцю для фота карыстаўся і струнны квартэт. Уся справа ў тым, што яго ўдзельніцы сядзелі на бутафорскіх крэслах вышынёй на тры метры.


Запрашэнне на баль атрымалі 200 маладых людзей, уладальнікі чырвоных дыпломаў. Пераможцы алімпіяд, лаўрэаты розных конкурсаў, спартсмены. З дасягненнямі некаторых можна было азнаёміцца на выставе. Госці маглі адпачыць на ўтульных канапах і пакаштаваць дэсерт з свежай садавіны, раскладзенай на століках вакол фантанаў белага і чорнага шакаладу.


Свята стала традыцыйным напярэдадні Дня Незалежнасці Беларусі. Сёння яны выпускнікі, але ўжо заўтра - маладыя спецыялісты. Тут будучыя эканамісты, дактары, ваенныя, юрысты. Залаты запас, або творчая маладая інтэлектуальная эліта.


Такія годныя віншаванняў і ад Кіраўніка дзяржавы. Яны павінны прымножыць дабрабыт сваёй краіны.


Для любой краіны таленавітыя маладыя кадры - найвялікшы набытак. У Беларусі поспехі такіх маладых людзей не застаюцца незаўважанымі. Створаны і працуе спецыяльных банк дадзеных аб юных талентах, які папаўняецца імёнамі, пачынаючы з іх школьных поспехаў. Далей адсочваецца і лёс такой маладой творчай эліты. Бо сёння яны, напрыклад, таленавітыя праграмісты, а заўтра могуць вывесці на новы ўзровень эканоміку і зрабіць тавары больш канкурэнтаздольнымі на сусветных рынках. Лепшыя з лепшых атрымалі сёння падзякі ад Прэзідэнта. Аляксандр Лукашэнка пажадаў усім здароўя, шчасця і добрага шляху ў жыцці.


І кожны з іх сёння загадаў сваё жаданне на будучае сталае жыццё, калі ўверх паляцелі жывыя матылькі, - кранальная цырымонія Рэспубліканскага балю выпускнікоў. Агульны настрой з лёгкім сумам па студэнцкіх гадах падхапілі гукі вальса. І па зале разнёсся дзівосны кветкавы водар: танцавальная пляцоўка запоўнілася пялёсткамі руж.