Канцэпцыя інфармацыйнай бяспекі сёння ў цэнтры ўвагі Прэзідэнта

12 марта 2019

Сучасныя пагрозы, рызыкі, камп'ютарныя інцыдэнты і правілы паводзін у Глабальнай сетцы. На пасяджэнні Савета бяспекі ў Палацы Незалежнасці сёння абмяркоўвалі, як зрабіць інфармацыйнае поле краіны зручным, эфектыўным і дакладным.

У цэнтры ўвагі Прэзідэнта - Канцэпцыя інфармацыйнай бяспекі. Дакумент распрацоўваецца па даручэнні Кіраўніка дзяржавы з улікам усіх асаблівасцяў і тэндэнцый сучаснага становішча. Па сутнасці, гэта сістэма поглядаў на нацыянальную бяспеку ў інфармацыйнай сферы плюс прыярытэты і стратэгічныя задачы. У стварэнні Канцэпцыі прымалі ўдзел дзяржорганы і розныя арганізацыі - ад Адміністрацыі Прэзідэнта і Акадэміі навук да Парка высокіх тэхналогій і найбуйнейшых СМІ. Аляксандр Лукашэнка расставіў дзяржаўныя акцэнты: людзі павінны атрымліваць максімальна поўную і дакладную інфармацыю, мець магчымасць абараніць свае асабістыя правы ў медыяпрасторы і ў цэлым павінны камфортна карыстацца найноўшымі сродкамі камунікацый. У той жа час з'яўляюцца і прынцыпова новыя рызыкі, звязаныя з інфарматызацыяй.

Пазначыў Прэзідэнт і неабходныя практычныя меры. Сярод іх - засваенне новых форм працы ў медыяпрасторы. Як адзначыў беларускі лідар, неабходна пашырыць сферу ўплыву айчынных СМІ, а таксама распрацаваць пытанне сістэмнага кантролю над распаўсюджваннем незаконнай інфармацыі.

Паводле слоў Дзяржсакратара Савета бяспекі нашай краіны, новая Канцэпцыя - гэта выключна беларускі нацыянальны прадукт, разлічаны на шырокае ўнутранае і знешняе спажыванне. Станіслаў Зась бачыць неабходнасць і ў прыняцці асобнай праграмы па захаванні традыцыйных каштоўнасцяў і асноў беларускага грамадства.

Таксама на пасяджэнні абмеркавалі пытанні процідзеяння кіберпагрозам. Тут, як і ва ўсіх іншых кірунках, варта працаваць на апярэджанне - гэта асобна адзначыў Прэзідэнт. Плануецца, што сама Канцэпцыя інфармацыйнай бяспекі ў найбліжэйшыя дні будзе зацверджаная і апублікаваная.