Ад дзяржструктур - зладжанай працы, а ад каманды - прыгожай гульні. Сёння аб падрыхтоўцы да сусветнай падзеі гаварылі на нарадзе ў Прэзідэнта. Да гэтага маштабнага мерапрыемства, якое мае асаблівае значэнне для ўсёй Беларусі, засталося 200 дзён. І Кіраўнік дзяржавы запатрабаваў максімальнай канцэнтрацыі намаганняў на фінальным этапе падрыхтоўкі. Звярнуў таксама ўвагу на недапушчэнне правалаў і дробных шурпатасцяў. Гасцям і ўдзельнікам павінна быць камфортна, цікава, а прапануемы сэрвіс - высокага ўзроўню.
Усе падрабязнасці ў нашага аглядальніка Алесі Высоцкай. 200 дзён да чэмпіянату - дыстанцыя адказная і для спартсменаў, і для ўсіх арганізатараў. І ў Беларусі ўжо стартаваў другі этап продажу білетаў. Да гэтага за два тыдні прададзена абанементаў на 5 мільярдаў рублёў. А на гульні плэй-оф толькі за два дні раскупілі пяць сотняў абанементаў.
Дарэчы, білеты сталі таннейшымі працэнтаў на 30 у параўнанні з папярэднімі сусветнымі чэмпіянатамі. Усё зроблена спецыяльна для балельшчыкаў. Зручна заказваць, зручна купляць. У любым пункце свету.
І камфорт павінен быць ва ўсім, акцэнтаваў сёння ўвагу арганізатараў Прэзідэнт Аляксандр Лукашэнка. На нарадзе ішла размова ў цэлым аб завяршальным этапе падрыхтоўкі да чэмпіянату.
Мінск прыме чэмпіянат свету па хакеі з 9 па 25 мая. Баталіі разгорнуцца на дзвюх буйных лёдовых пляцоўках - Мінск-Арэне і Чыжоўка-Арэне. Арганізатары гарантуюць адначасовае рассяленне балельшчыкаў на 20 тысяч месцаў. Цэны ў гасцініцы кусацца не будуць - падпісаны адпаведны мемарандум. Дадатковыя месцы знойдуцца ў прыватнікаў. Добрыя тэмпы падрыхтоўкі да чэмпіянату не аднойчы адзначаліся шматлікімі інспекцыямі з Міжнароднай федэрацыі хакея. Але спачываць на лаўрах нельга.
Падчас чэмпіянату прыехаць у Беларусь можна будзе без візы - дастаткова паказаць арыгінальны або электронны білет на хакей. Пра гэта і іншыя элементы выгады для балельшчыкаў распавёў сёння намеснік прэм'ер-міністра Анатоль Тозік.
Разам з тым ёсць і праблемы. Віцэ-прэм'ер спыніўся на гасцініцах - 4 з запланаваных 15 пакуль яшчэ ў стадыі будаўніцтва або рэканструкцыі. Заклапочанасць выклікаюць паркоўкі, але Мінгарвыканкам з цяжкасцямі абяцае справіцца.
Тым часам на Чыжоўка-Арэне работы ідуць у тры змены. Трэніровачная арэна ўжо гатовая, гаворыць менеджар дырэкцыі па правядзенні чэмпіянату свету Дзмітрый Мельнік. Засталося заліць лёд, абсталяванне манціруецца.
Комплекс сапраўды абяцае стаць добрым падарункам сталіцы, але тэмпы яго ўводу не вытрымалі крытыкі сёння на нарадзе. Абяцалі здаць цалкам да 7 лістапада. Не паспелі з мантажом асобнага абсталявання. Вырашылі здаваць Арэну па чарзе. Аб'ектыўных прычын для зацягвання тэрмінаў Прэзідэнт не знайшоў, але спытаў у кожнага, чаму так адбылося.
Зразумела, што да чэмпіянату Чыжоўка-Арэна будзе гатовая. Дарэчы, на матчы на яе лёдзе першы абанемент ужо набыты балельшчыкам з Вялікабрытаніі. Гавораць, добра спрацавала рэклама.
Рэкламе чэмпіянату свету павінна быць асаблівая ўвага, падкрэсліў Прэзідэнт. Павышаная цікавасць замежных СМІ яшчэ на стадыі падрыхтоўкі - таксама нядрэнна. Ужо ў Беларусі пабывалі шведскія, японскія, фінскія журналісты. Акцэнт трэба зрабіць і на расійскіх балельшчыкаў.
На эканоміцы чэмпіянату спыніўся прэм'ер Міхаіл Мясніковіч. Акрамя прамога прыбытку ад продажу білетаў, чакаюць яшчэ і ўскосны - ад турызму, гандлю, у тым ліку і сувенірамі.
У беларускай хакейнай каманды зараз таксама самая гарачая пара падрыхтоўкі. Новым трэнерскім штабам вызначаны склад кандыдатаў - 57 хакеістаў. Сярэдні ўзрост - каля 27. Наперадзе яшчэ чатыры этапы падрыхтоўкі.
Кіраўнік дзяржавы чарговы раз звярнуў увагу на заработныя платы ў цэлым спартсменаў і спартыўных функцыянераў. Агульны падыход - плаціць трэба толькі за вынік.
Фірменны стыль і графічная канцэпцыя чэмпіяната свету ўжо ёсць. Яны аб'ядноўваюць любоў да хакея і сімвалізуюць свята на лёдзе. Слоган: Разам - мы сіла!. Засталося толькі арганізатарам сканцэнтраваць усе намаганні на фінальным этапе падрыхтоўкі, а беларускай камандзе паказаць прыгожую гульню.














