Канфрантацыя паміж Усходам і Захадам, крызіс ва Украіне і важнасць мірных працэсаў. Актуальныя пытанні агучыў Прэзідэнт

8 октября 2019

Градус недаверу і канфрантацыі паміж усходам і захадам дасягнуў мяжы. Гэта заявіў Прэзідэнт Беларусі ў Мінску падчас міжнароднай канферэнцыі "Еўрапейская бяспека: адысці ад краю  прорвы".

Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што  больш спакойна ў рэгіёне не становіцца: Масква і Вашынгтон дэнансавалі дакумент аб ліквідацыі ракет меншай і сярэдняй далёкасці, ЗША плануюць выхад з пагаднення па адкрытым небе - усё гэта крокі, якія абвастраюць сітуацыю ў еўрапейскім рэгіёне. І якраз эксперты і палітыкі могуць стаць ключом да вырашэння вельмі няпростай геапалітычнай сітуацыі. 

На канферэнцыю ў Мінск прыбылі сотні замежных экспертаў: палітыкі, дыпламаты, кіраўнікі фондаў і прадстаўнікі "фабрык думкі" - аналітычных цэнтраў. Звяртаючыся да спецыялістаў, Аляксандр Лукашэнка асабліва адзначыў сітуацыю ва Украіне. Вайна на ўсходзе краіны забрала жыцці больш як 10 тысяч чалавек, і зараз канфлікт спрабуюць выкарыстаць у сваіх гульнях розныя палітычныя сілы і нават дзяржавы. Асабліва абвастрылася сітуацыя пасля прыняцця Уладзімірам Зяленскім "формулы Штайнмаера" - дапаўнення да мінскіх пагадненняў. Фактычна першы за апошнія гады крок насустрэч міру нацыяналісты і сапернікі гаспадара Банкавай атакавалі як інфармацыйна, так і агітацыйна. Нельга пакідаць Украіну сам-насам са сваёй бядой - ключавы тэзіс Аляксандра Лукашэнкі.

Супрацьстаянне ЗША і Расіі, Украіна, Блізкі Усход, дзе таксама неспакойна. Прамова Прэзідэнта  чарговы раз агаліла праблемы сусветнай палітыкі, экспертам ёсць над чым падумаць.

Яшчэ адна ініцыятыва Мінска, якая прагучала зноў, - гэта працэс "Хельсінкі".  НАТА плануе буйныя вучэнні прама ля межаў з Беларуссю. Замарожаны канфлікт у Прыднястроўі. Складаная сітуацыя ў былых рэспубліках Югаславіі. Дарэчы, нялёгкае мінулае і трывожную будучыню Балкан Аляксандр Лукашэнка абмеркаваў з экс-прэзідэнтам Харватыі Сцяпанам Месічам у фармаце тэт-а-тэт. 

І яшчэ адзін важны меседж Прэзідэнта на форуме: заклік  да невялікіх краін заявіць аб сабе, бо веліч народа не залежыць ад яго колькасці ці бязмежных тэрыторый. Міжнародны форум "Еўрапейская бяспека: адысці ад краю прорвы" падзелены на шэсць пленарных пасяджэнняў і дыскусій - ад архітэктуры бяспекі да перспектывы кітайскай ініцыятывы "Пояс і шлях".