Комплекснае развіццё Мінска абмяркоўвалі сёння ў Палацы Незалежнасці

11 марта 2019
Кіраўнік дзяржавы прыняў з дакладам старшыню Мінгарвыканкама. На парадку дня адразу некалькі надзённых пытанняў: ад аб'ёмаў будаўніцтва і яго кошту да развіцця Нацыянальнага аэрапорта. Так, Аляксандр Лукашэнка выказаўся пра неабходнасць увесці ў эксплуатацыю другую ўзлётна-пасадачную паласу ўжо гэтай вясной. А на працягу найбліжэйшых года-двух павінна быць арганізаваная электрычка, якая звяжа Мінск з паветранай гаванню. Галоўнае пытанне сённяшняй размовы - будаўніцтва. Паводле слоў Прэзідэнта, дзяржава будзе прытрымлівацца курсу на штогадовае скарачэнне аб'ёмаў узвядзення жылля ў сталіцы. Прыярытэт - гарады-спадарожнікі. 

Анатоль Сівак падкрэсліў, што дзяржава не ставіць перад сабою мэту ўводзіць абмежавальныя меры для скарачэння нагрузкі на сталіцу. Наадварот, імкнецца прымаць рашэнні, якія зацікавяць у перасяленні ў гарады-спадарожнікі. Гэтыя тэрыторыі могуць развівацца апераджальнымі тэмпамі. Яны зручныя для жыцця, пры гэтым недалёка ад магчымасцяў, якімі валодае Мінск.

У зоне асаблівай увагі  і цана квадрата. Кіраўнік дзяржавы даручыў вывучыць вопыт працы завода эфектыўных прамысловых канструкцый. Некалькі гадоў таму Прэзідэнт дазволіў даць прадпрыемству неабходныя будаўнічыя пляцоўкі, а арганізацыя ўзводзіла жыллё з рэнтабельнасцю не вышэй за 5 %. Такія кватэры мінскім чаргоўнікам абышліся танней. Калі эксперымент удаўся, неабходна яго працягнуць.

Анатоль Сівак таксама далажыў Кіраўніку дзяржавы аб працы Мінскага гарадскога выканаўчага камітэта. Што датычыцца тэрыторыі былога мінскага аэрапорта, то там вядзецца будаўніцтва жылога квартала "Мінск-Свет". Анатоль Сівак канстатаваў, што пакуль горад узводзіць там інфраструктуру з адставаннем ад графіку, але за гэты год паабяцаў выправіць сітуацыю.