Ключавыя пункты росту ў сферы высокіх тэхналогій абмяркоўваюцца на нарадзе ў Прэзідэнта

19 марта 2019

Інтэрнэт рэчаў, мадэрнізацыя сістэм сотавай сувязі і ключавыя пункты росту ў сферы высокіх тэхналогій. На нарадзе ў Кіраўніка дзяржавы абмяркоўваюць пытанні развіцця нацыянальнага рынку тэлекамунікацый.

Гэта адзін з найболей перспектыўных сектараў беларускай эканомікі і самая хуткарослая галіна. Менш як за дзесяць гадоў яе доля ў ВУП краіны вырасла амаль у два разы - да пяці працэнтаў. Таксама гэта вялізны рынак працы, які забяспечвае работай каля 100 000 чалавек. Прэзідэнт адзначыў і важную для Беларусі асаблівасць: высокатэхналагічны сегмент эканомікі не патрабуе матэрыяльнага нафтагазавага падмурку. Гэта ставіць тэлекамунікацыі ў лік прыярытэтных кірункаў развіцця. Прычым попыт на асобныя паслугі ўжо зараз апярэджвае прапанову. Так што пэўныя крокі наперад патрэбныя ўжо зараз.

Зараз Беларусь займае 32-е месца па індэксе развіцця інфармацыйна-камунікацыйных тэхналогій. Уваходзіць у групу краін з высокім узроўнем развіцця адпаведнай інфраструктуры, апярэджваючы ўсіх партнёраў па СНД і знаходзячыся на ўзроўні Італіі, Партугаліі і Чэхіі. Рэйтынг, які складае Міжнародны саюз электрасувязі, улічвае комплекс асноўных фактараў, такіх як якасць і даступнасць Інтэрнэту, развіццё кабельнага тэлебачання і мабільных сетак.