Ход уборачнай кампаніі гэтымі днямі ў цэнтры ўвагі Прэзідэнта

3 августа 2016

За працай аграрыяў на палях сёння Аляксандр Лукашэнка назіраў з верталёта. Пра гэта паведаміла прэс-сакратар Кіраўніка дзяржавы Наталля Эйсмант. У маршруце Прэзідэнта значылася Мінская вобласць, якая, дарэчы, менавіта сёння пераадолела мільённую мяжу ў намалоце збожжа новага ўраджаю, тут убрана каля 55 % плошчаў. Прэзідэнт, у прыватнасці, агледзеў паўночна-заходнія раёны - Мядзельскі, Вілейскі, часткова Маладзечанскі і Лагойскі. Дарэчы, менавіта гэтыя раёны ў цэнтральным рэгіёне ў сельскагаспадарчым плане заўсёды значыліся сярод складаных, але апошнім часам паказваюць нядрэнную дынаміку, уводзяцца ў абарот раней не выкарыстаныя землі, вядуцца меліярацыйныя работы.

Агледзеў з паветра Прэзідэнт таксама палі ў заходняй частцы Віцебскай вобласці. На сёння ў паўночным рэгіёне ўбрана пятая частка плошчаў.

Вялікая размова пра тэмпы і якасць палявых работ у графіку Кіраўніка дзяржавы запланавана і на заўтра. Першай тэмай рабочай паездкі Аляксандра Лукашэнкі ў Віцебскую вобласць стане ўборка збожжавых і нарыхтоўка кармоў - у краіне ў цэлым і паўночным рэгіёне ў прыватнасці. Акрамя таго, як плануецца, Кіраўнік дзяржавы наведае браслаўскі філіял Глыбоцкага малочна-кансервавага камбіната, а таксама адно з турыстычных прадпрыемстваў вобласці, дзе размова пойдзе аб развіцці аграэкатурызму, прыцягненні інвестыцый і экспарце турыстычных паслуг.