Ход уборачнай кампаніі і сітуацыя ў лясной гаспадарцы. Рабочая паездка Прэзідэнта ў Старадарожскі раён

16 августа 2019
Ход уборачнай кампаніі і сітуацыя ў лясной гаспадарцы. Гэтыя тэмы сталі ключавымі падчас сённяшняй рабочай паездкі Прэзідэнта па Мінскай вобласці. У полі зроку сёння  раён  Старадарожскі. Не ўтойваю, для мяне  момант асабліва хвалюючы. Трымалі адказ за сітуацыю і развіццё раёна мае землякі. 

Па традыцыі агляд сітуацыі Кіраўнік дзяржавы пачынае з ходу жніва. Прынцыповая задача  - у няпростых умовах надвор’я не страціць ні каласка. У гэтым ланцужку важная кожная дэталь: ад асабістай дысцыпліны да строгага выканання тэхналогій. Менавіта таму такая ўвага  культуры земляробства. Неабходная дакладная стратэгія ў арганізацыі ўборачнай. Хлеб  і не толькі  трэба ўбраць своечасова і якасна. Што тычыцца яшчэ адной важнай для нас сферы - лясной, то тут прагучаў галоўны акцэнт - поўная перапрацоўка ўсёй драўніны. Даручэнне Прэзідэнта - распрацаваць праграму па ўцягванні ў абарот і нізкаякаснай сыравіны. Важнае звяно ў гэтым ланцужку - будаўніцтва пелетных заводаў. Паездка ў рэгіён стала і магчымасцю ацаніць вынікі працы Мінскай вобласці. Аб усім па парадку Наталля Брэвус. 

Апошнія дажджлівыя дні былі зусім не на руку аграрыям. Час такі, калі застаецца зусім крыху паднаціснуць, каб убраць увесь ураджай з палёў. Працаваць трэба і днём, і ноччу, выкарыстоўваючы кожную пагодлівую хвіліну. У гэты перыяд важна не змяншаць тэмп сельгасработ.

Уборачная кампанія на асаблівым кантролі Прэзідэнта. Профільныя кіраўнікі, губернатары без адрыву ад работ у палях у штодзённым рэжыме інфармавалі  Кіраўніка дзяржавы аб сітуацыі. Усё трэба рабіць своечасова, прычым размова не толькі пра ўборку збожжавых. З гэтага пачынаюць і размову ў Мінскай вобласці.

Мінская вобласць у тройцы лідараў уборачнай кампаніі. Беларуская поўнач спраўляецца пазней за ўсіх, яно зразумела, асаблівасці клімату. Звычайная практыка, калі рэгіёны перакідваюць тэхніку, каб падмагчы. "Не чакайце просьбаў! Падстаўляйце плячо",  - гучыць ад Прэзідэнта. Так і Віцебскі рэгіён, а значыць,  і ўся краіна справіцца хутчэй. Засталося крыху - працэнтаў 15 палёў. Наогул акцэнты ад Кіраўніка дзяржавы гучаць у Старадарожскім раёне, але адрасаваныя ўсім аграрыям. 

Асобна гавораць пра культуру земляробства. Што гэта значыць? Калі няўзброеным вокам бачна, што працуюць на палях з розумам, з толкам. Такія дэталі сапраўдны гаспадар заўсёды для сябе адзначыць. У Старадарожскім раёне з гэтым парадак. Усім бы так.

Звышнапружаны графік гарачай пары, як сёлета, бывае нячаста. Калі  накладваюцца адразу некалькі работ: і ўборка збожжавых, і нарыхтоўка кармоў, лён паспявае. Таму так важна стратэгія і дакладная арганізацыя працы. Усе планы, якія стаяць перад аграрыямі, актуальныя. Прэзідэнт гэтыя задачы не здымае, а наадварот матывуе аператыўна і якасна працаваць на зямлі. Ад таго, як узаралі сёння, будзе залежаць будучы ўраджай.   

Профільны міністр трымаецца ўпэўнена. Ураджайнасць, намалот. Але Прэзідэнт просіць не сыпаць лічбамі, ён у курсе. Папярэджвае: не наракаць на надвор'е і задае  канкрэтныя пытанні. 

Не самы ўраджайны мінулы год знізіў запасы і збожжа, і травяністых кармоў. Гэты рэзерв трэба папаўняць. 

Гэтым заклапочаны і ў мясцовай гаспадарцы "Шапчыцы-агра". Летась узяліся за будаўніцтва дзвюх сянажных траншэй, сёлета хочуць зрабіць яшчэ дзве. Наогул у гэтай гаспадарцы адкрылася другое дыханне пасля таго, як яе ўзяў сабе пад крыло буйны прамысловы холдынг. Сталічны завод "Атлант" узяў і наладзіў вытворчасць высакаякаснага малака ў Старадарожскім раёне. 

Гэта што тычыцца сельгаспрадпрыемства, але  як справы ў самога прамысловага гіганта?  "Атлант" - вытворца так званай белай бытавой тэхнікі (халадзільнікаў і пральных машын)  - пастаўляе сваю прадукцыю нават у Аўстралію. Прэзідэнт абяцаў пабываць на заводзе, каб ацаніць сітуацыю. 

Як вытворца тэхнікі спраўляецца з падшэфнай гаспадаркай? У "Атланта" свой  падыход: уклаўшы інвестыцыі ў АПК, холдынг прывабіў лепшыя тэхналогіі і персанал, каб урэшце атрымаць максімальную аддачу. 

Увогуле малочна-таварны комплекс "Шапчыцы" развіваецца строга па бізнес-плане, адсюль і ўсё малако, якое тут атрымліваюць, класа экстра, і заказчык - Тураўскі малочны камбінат -  вядомы сваёй арыгінальнай прадукцыяй.  Падцягнулі рэнтабельнасць і зарплату вяскоўцаў. 

Зарука поспеху  ў тэхналогіях кармлення з улікам індывідуальнага рацыёну жывёліны, узнаўленні статка і селекцыі. Ад таго, як даглядаюць  кароў, як кормяць, залежыць усё малако. Дарэчы, па годзе ў краіне плануюць павялічыць яго вытворчасць. Жывыя грошы. Асабліва калі адказна падысці да справы. У тым ліку і таму Прэзідэнт строга пытаў і будзе пытаць за падзеж жывёлы. Што з гэтым у Мінскай? У рэгіёне ён зменшыўся. Проста статыстыку перасталі ўтойваць, зараз лічбы здаюцца вялікімі. Памылкі падліку? Прэзідэнт даручыў разабрацца з гэтай тэмай ва ўсіх рэгіёнах. 

Каб зразумець, як ідуць справы, шмат не трэба - прайсці па ферме і адразу ўсё зразумела без слоў.  Тут працуе амаль сотня чалавек. Сярэдняя зарплата набліжаецца да тысячы. Было прыкметна, што арганізацыя працы і ў цэлым такі адказны падыход Кіраўніку дзяржавы па душы. 

Па ходзе руху  Прэзідэнт глядзіць, чым жыве райцэнтр, як развіваецца. Гэта толькі адна частка вялікага сталічнага рэгіёна. Ёсць падстава абмеркаваць, як ідуць справы наогул у вобласці. На першы погляд нядрэнна - вобласць дабаўляе, новыя рабочыя месцы атрымалі больш як 4 тысячы чалавек. Эканоміку цэнтральнага рэгіёна шмат у чым робіць калійны гігант. Але не ім адзіным. Упаўнаважанага Прэзідэнта па вобласці Аляксандр Косінец гаворыць аб неабходнасці развіваць патэнцыял гэтай мясцовасці. 

Такая размова ідзе на пляцоўцы мясцовага лясгаса. Старадарожскі - адзін з 98 у краіне. Сярэдні па памерах і аб'ёме нарыхтоўкі драўніны. Штогод выдаюць на гара 200 тысяч кубаметраў. Асабліва каціруецца хвоя. З яе добра ідзе ацыліндраваная прадукцыя. 

Гэта значыць, задача - перапрацоўка лесу ў прадукцыю з высокім дабаўленым коштам. Для гэтага, напрыклад, Старадарожскі лясгас летась закупіў і ўстанавіў новую, больш прадукцыйную лінію па перапрацоўцы драўніны. 

Дзякуючы новаму абсталяванню, гэты мясцовы цэх гатовы павялічыць аб'ёмы перапрацоўкі, а разам з гэтым і пашыраць геаграфію знешніх продажаў. 

У Беларусі заставаліся незапатрабаванымі і вялікія запасы нізкаякаснай драўніны. Той, якая, напрыклад, мае паражэнні або крывізну. Унутраны рынак быў не гатовы да яе перапрацоўкі. 

Перапрацоўка драўніны ў Старадарожскім вопытным лясгасе, па сутнасці, безадходная вытворчасць. Пабочны прадукт - шчэпкі - экалагічнае паліва. Шчэпкі экспартуюць у Польшчу, Латвію і Літву. Аднак для таго, каб павялічыць прыбытак ад такіх продажаў, тут у наступным годзе ўстановяць лінію па вытворчасці дрэўных пелет. За кубаметр шчэпак можна выгандляваць 20 еўра, за такі ж аб'ём дрэўных пелет - у пяць разоў больш. А наогул у краіне будзе яшчэ 6 такіх заводаў. 

Паліўныя гранулы - гэта прасаваныя апілкі і шчэпкі. Ніякіх лішніх дабавак, а значыць, і затрат. Экапрадукт! Плюс да гэтага - эфектыўнае выкарыстанне мясцовых рэсурсаў і экспарт адначасова. Лес - набытак краіны і сур'ёзны артыкул прыбыткаў для нас.  

Лес - наша багацце. Таму, як мы распарадзімся гэтай спадчынай, залежыць не толькі наша экалогія, але і будучыня айчыннай дрэваапрацоўкі. Так што нядзіўна, што сітуацыя ў лясной галіне заўсёды на кантролі. Каб па максімуме выкарыстаць дрэўны рэсурс, Прэзідэнт даручыў распрацаваць праграму. 

Сусветны трэнд на экалагічнасць ужо сапраўды на руку беларусам.  І парадак у лесе нямала значыць. Бо гэта каля 40 працэнтаў тэрыторыі. Усё гэта ў рэчышчы дзяржінтарэсаў -  захаваць тое, што дадзена прыродай, добраўпарадкаванне кожнага лапіка зямлі, азеляненне тэрыторый. Трылогія малой радзімы з гэтай жа серыі. Адным словам  - парадак ва ўсім. Таму так уважліва і трапятліва Прэзідэнт ставіцца да гэтай тэмы. Але лес гэта не толькі драўніна, але і вялікая кладоўка - ёсць усё - ад грыбоў і ягад да мёда і бярозавіка. Нарыхтоўкай яго займаюцца як раз лясгасы - напой гэтага года далі прадэгуставаць і Прэзідэнту. Добра праганяе смагу - можна ўпрыкуску з мёдам. У падарунак Кіраўніку дзяржавы леснікі прэзентавалі мядовыя соты. Прэзідэнт не раз прызнаваўся, што імкнецца абыходзіцца без салодкага, але вось мёд кожны дзень у яго меню. 

І хоць салодкага жыцця Кіраўнік дзяржавы не абяцаў, што мясцовай уладзе, што аграрыям, што леснікам, каб выканаць напружаныя задачы, прыйдзецца закатаць рукавы і працаваць. Але, тым не менш, Прэзідэнта запрасілі бываць у гэтых месцах і па-за рабочым часам - Прэзідэнт абяцаў прыехаць па грыбы. Чаму не?