Як знізіць пазыковую нагрузку на эканоміку

19 декабря 2017

Праблемы прадпрыемстваў і банкаў не павінны перакладацца на бюджэт. Як знізіць пазыковую нагрузку на эканоміку, абмяркоўваюць сёння на нарадзе з Кіраўніком дзяржавы.

Урад і Нацбанк падрыхтавалі свае прапановы. Сярод варыянтаў - уцягванне банкаў у працэс кіравання, гэта значыць, абмен даўгоў на акцыі прадпрыемства. Таксама разглядаецца магчымасць продажу крэдыту. Ёсць у праекце ўказа і пункт рэструктурызацыі плацяжоў у бюджэт. У цэлым узровень закрэдытаванасці зараз не дазваляе эфектыўна развівацца некаторым арганізацыям. Прычына - у праліках бізнес-планавання, праз якія і спатрэбіліся бюджэтныя пазыкі, адтэрміноўкі і растэрміноўкі.

У цэлым Кіраўнік дзяржавы падтрымаў канцэпцыю ўказа. Дакумент закліканы ўпарадкаваць структуру пазыковага рынку краіны і стварыць умовы для больш эфектыўнай працы рэальнага сектара эканомікі.

Васіль Мацюшэўскі, першы намеснік прэм'ер-міністра Беларусі: "Сам указ носіць агульны характар. Мы тут не гаварылі пра пэўныя прадпрыемствы, мы разважалі пра стварэнне пазыковага рынку. Ні для каго не сакрэт: экспертная супольнасць крытыкуе ўрад у тым, што мы не надаем увагі праблеме назапашаных даўгоў у рэальным сектары эканомікі, у першую чаргу ў дзяржаўных і камунальных арганізацыях. Дык вось, гэта не так, мы вельмі ўважліва працуем па гэтых пытаннях, і вось гэта адзін з першых крокаў для стварэння цывілізаванага пазыковага рынку ў Рэспубліцы Беларусь".

Паводле ацэнак урада, новыя меры знізяць аб'ёмы фінансавай запазычанасці прадпрыемстваў і ўмацуюць пазіцыі крэдытаатрымальнікаў. А таксама дапамогуць залучыць банкаўскую сістэму ў працу з праблемнымі арганізацыямі.