Кадравыя рашэнні Прэзідэнта

14 марта 2017

Насычаны аўторак у Кіраўніка дзяржавы. Пачнем з кадравых рашэнняў. У Беларусі новы міністр працы і сацабароны. На гэтую пасаду Аляксандр Лукашэнка прызначыў Ірыну Касцевіч. Раней яна займала пасаду намміністра эканомікі. Выбар быў доўгім, улічваючы прыярытэт - сацыяльна-арыентаваную палітыку, да профільнага ведамства - увага пільная. Перад новым міністрам задачы асаблівай важнасці, няпростыя, але выканальныя - гэта і забеспячэнне высокага ўзроўню занятасці ў краіне, і стварэнне эфектыўнага рынку працы, павышэнне ўзроўню прыбыткаў і ўдасканаленне сістэмы абароны ўразлівых катэгорый грамадзян. Наперадзе адказная праца і ў новага памочніка Прэзідэнта - галоўнага інспектара па Мінску. Ім прызначаны Уладзімір Карпяк. Асаблівы акцэнт - на працу сферы ЖКГ, развіццё ў горадзе рэальнага сектара эканомікі і стварэнне новых рабочых месцаў. Кіраўнік дзяржавы даў згоду і на шэраг іншых прызначэнняў. Усе яны маладыя і перспектыўныя кіраванцы, якім і ствараць будучыню нашай краіны. Падрабязней пра кадравыя рашэнні - Вольга Макей.

Гэтай раніцай у Палацы Незалежнасці шматлюдна. У спецыяльнай зале, дзе ўдзельнікі нарад і сустрэч звычайна чакаюць пачатку мерапрыемстваў, сёння тыя, хто пазней з кабінета Прэзідэнта выйдзе з новымі пасадамі. Будучыя кіраўнікі - спецыялісты вопытныя, за плячыма вялікі кіраўніцкі стаж, але нягледзячы на гэта, вядома, перад сумоўем прыкметна хвалююцца.

Хто зойме пасаду кіраўніка Мінпрацы і сацабароны, да гэтага дня было ці не самай папулярнай тэмай, калі гутарка заходзіла пра вакансіі ў дзяржапараце. Крэсла міністра пустуе паўтара месяца, з тых часоў як Валерыя Малашку Кіраўнік дзяржавы прызначыў курыраваць беларускую ахову здароўя.

Аляксандр Лукашэнка не раз паўтараў, што да падбору кандыдатур ставіцца вельмі сур'ёзна і дбайна, разглядае кожнага суіскальніка і цікавіцца меркаваннем пра яго калег. Так і з гэтай, адзінай вакантнай пасадай міністра. Каб вызначыцца, запатрабаваўся час, бо сацыяльная сфера - адна з прыярытэтных у краіне. Гэтаму міністэрству - асаблівая ўвага, а на новага кіраўніка ведамства ўскладаюць вялікія надзеі.

Такім чынам, з гэтага дня міністр працы і сацабароны - Ірына Касцевіч. За плячыма - дзве вышэйшыя адукацыі: Інстытут народнай гаспадаркі і Акадэмія кіравання пры Прэзідэнце. І кар'ера - ад інжынера-канструктара да намесніка міністра эканомікі. На апошняй пасадзе яна прапрацавала два гады. Да гэтага ў якасці эканаміста і начальніка ўпраўлення працавала ў беларускім Мінстаце, а пазней займала пасаду першага намесніка старшыні Нацыянальнага статыстычнага камітэта. З папярэдніх публічных выступленняў - удзел у Тыдні беларускага прадпрымальніцтва і Асамблеі дзелавых колаў. Па сутнасці, Ірына Касцевіч шмат у чым была своеасаблівым правадыром паміж дзяржавай і бізнесам. Заўсёды шчыра гутарыла з прэсай.

На новай пасадзе яна ўжо дакладна ведае задачы: павышэнне ўзроўню прыбыткаў насельніцтва, забеспячэнне занятасці, удасканаленне сістэмы сацабароны.

У кабінеце Прэзідэнта і яшчэ адна публічная персона - Ігар Бузоўскі. Да 2016 года ён займаў пасаду намглавы Адміністрацыі Прэзідэнта, з гэтага дня на пасадзе кіраўніка адправіцца ў адміністрацыю Цэнтральнага раёна сталіцы. Прызначаны і памочнік Прэзідэнта - галоўны інспектар па Мінску. Ім стаў Уладзімір Карпяк. Да гэтага ён узначальваў Мінскі завод шасцерняў. Першачарговых задач перад новым кіраванцам адразу некалькі: навядзенне парадку ў сталіцы, паляпшэнне працы сістэмы ЖКГ і стварэнне новых рабочых месцаў.

Уладзімір Карпяк, памочнік Прэзідэнта Беларусі - галоўны інспектар па г. Мінску: "Неабходныя новыя працоўныя месцы, але і захаваць што ёсць у рэальным сектары эканомікі. Неабходна займацца перападрыхтоўкай кадраў. Неабходная працоўная сіла больш інтэлектуальная".

Абноўлены сёння і дыпкорпус. Паслом у Кыргызстане зараз будзе Андрэй Страчко. Гэты рэгіён для спецыяліста добра знаёмы, бо да гэтага моманту ў МЗС ён узначальваў упраўленне двухбаковых адносін з краінамі СНД.

Мінск і Бішкек - партнёры традыцыйныя. Сёння ў развіцці двухбаковых адносін - упор на кааперацыйныя сувязі. Летась у Кыргызстане адкрылася зборка беларускіх трактароў, у планах - сумесна збіраць камбайны і выпускаць горна-шахтнае абсталяванне.

А вось беларуска-японскія адносіны зараз будзе развіваць Руслан Есін. Дасведчаны дыпламат працаваў генконсулам у польскім Гданьску, апошні час займаў пасаду намесніка дырэктара дэпартамента знешнеэканамічнай дзейнасці ў МЗС. Ужо хутка Руслан Есін адправіцца ў японскі Токіа ў якасці пасла. Там працы нямала, трэба ўмацоўваць лінію цесных палітычных і бізнес-кантактаў, развіваць сувязі з рэгіёнамі краіны. Словам, у прыярытэце - эканамічная дыпламатыя. Дарэчы, японскія спецыялісты ўжо разглядаюць магчымасць адкрыць прамысловы парк у Магілёўскай вобласці.

Адразу некалькі новых кіраванцаў і ў нафтаперапрацоўчым комплексе. Ужо экс-гендырэктар Беларускай нафтавай кампаніі Аляксандр Дзямідаў зараз узначаліць "Нафтан". Гэтаму найбуйнейшаму прадпрыемству трэба будзе вырашыць фінансавыя праблемы і, галоўнае, завяршыць мадэрнізацыю як мага хутчэй. Папярэдні кіраўнік не справіўся. У выніку тэрміны не раз пераносіліся. НПЗ зараз рэалізуе 7 інвестпраектаў, якія дазволяць павялічыць аб'ём вытворчасці і паглыбіць перапрацоўку нафты з 75 да 90%. Гэта дапаможа палепшыць і эканамічныя паказчыкі прадпрыемства. Для таго каб наладзіць працу па-новаму, літаральна год. Стаіць задача завяршыць мадэрнізацыю ў 2018-м.

У гэтай справе Прэзідэнт робіць стаўку на дасведчанага Аляксандра Дзямідава.

Аляксандр Дзямідаў, генеральны дырэктар ААТ "Нафтан": "Мадэрнізацыя - гэта эканоміка, гэта магчымасць перапрацоўкі нафты, прычым першая з задач - прыстасавацца да перапрацоўкі нафты, якая пакупаецца па рынкавым кошце. Без мадэрнізацыі немагчыма. Тое, што на "Нафтане" ёсць касцяк, ёсць калектыў, ёсць людзі, якія могуць зрабіць, я ўпэўнены. Мы з камандай зробім".

Новы кіраўнік і ў яшчэ аднаго нафтаперапрацоўчага флагмана краіны - Мазырскага НПЗ. Адказваць за прадпрыемства зараз будзе Віталь Паўлаў, да гэтага ён займаў пасаду намесніка старшыні канцэрна "Белнафтахім". Завод у Мазыры таксама завяршае мадэрнізацыю. Напрыклад, з уводам у эксплуатацыю комплексу гідракрэкінгу глыбіню перапрацоўкі нафты плануюць павялічыць да 90%.

А вось прадпрыемства "Гомельтранснафта "Дружба" ўзначаліць Алег Пачынок. Да гэтага ён займаў пасаду намесніка старшыні Гомельскага аблвыканкама. Сёння закрылася і вакансія намесніка міністра прамысловасці. Ім стаў Сяргей Гунько, экс-дырэктар прадпрыемства "Віцязь". Новы дырэктар дэпартамента па архівах і справаводстве ў Міністэрстве юстыцыі. На гэтую пасаду Кіраўнік дзяржавы ўзгадніў Віктара Кураша.

На кожнага, хто атрымаў сёння новую пасаду, Прэзідэнт ускладае вялікія надзеі. Бо адбор на гэтыя важныя вакансіі быў з мноства сушукальнікаў. Міністэрству працы і сацабароны асаблівая ўвага, бо сацыяльная сфера - прыярытэт дзяржавы. Нафтавікоў нацэльваюць на скарэйшае завяршэнне мадэрнізацыі, бо кожны выпушчаны дзень - гэта выпушчаны прыбытак. І, вядома, адмысловыя задачы ў паслоў. Разам з палітычнай павінна развівацца і эканамічная дыпламатыя.