Якасць будаўніцтва другога кальца Кіраўнік дзяржавы ацаніў асабіста

3 сентября 2014

Транспартная сфера Беларусі: найбольшы эканамічны эфект і магчымасці, якія нельга ўпусціць. На самай, пэўна, важнай дарожнай будпляцоўцы сталіцы - адным з участкаў узвядзення другой кальцавой дарогі - сёння пабываў Прэзідэнт. Зрэшты, гутарка выйшла далёка за рамкі сталічных транспартных магчымасцяў. Па-першае, лагістыка - сфера, на якой Беларусь можа і павінна зарабляць. Зноў і зноў успамінаем наша выгаднае геаграфічнае становішча. У гэтай сувязі і даручэнне Прэзідэнта: надаць прыярытэтную ўвагу павышэнню якасці міжнародных транзітных аўтамагістраляў. І, вядома, транспартныя праблемы любога мегаполіса. Нашай сталіцы да самых загружаных, на шчасце, пакуль далёка. І ўсё ж усім вядома, што праблему лепш папярэдзіць. Другая мінская кальцавая павінна быць пабудавана да 2017 года - такую задачу ставіць Кіраўнік дзяржавы. Якой будзе новая аб'язная дарога, ведае Ілона Красуцкая.


Першыя размовы пра тое, што кальцавую трэба разгрузіць, зайшлі 4 гады назад. Па-першае, пікавы трафік часам дасягае 120 тысяч машын за суткі, а, па-другое, безумоўна, пакутуе экалогія. Вырашылі: МКАД-2 быць. У лютым гэтага года на тэматычнай нарадзе Прэзідэнт Аляксандр Лукашэнка патрэбаваў хутчэйшай актывізацыі праекта. Пасля падрыхтоўчых прац (у сярэдзіне ліпеня) другая кальцавая абзавялася першым кіламетрам.


Сёння тэмпы і якасць будаўніцтва другога кальца Кіраўнік дзяржавы ацаніў асабіста. МКАД-2 будзе цалкам бетонкай і ў 3 разы даўжэйшай за сваю папярэдніцу - 160 км. У яе склад увойдуць наяўныя ўчасткі трас М1, М2 і іншыя. Але вялікую частку прыйдзецца будаваць з нуля. Віцэ-прэм'ер Анатоль Калінін дакладвае: пры добрым надвор'і дарожнікі адужаюць яшчэ 3 з паловай кіламетры. Але, відавочна, Прэзідэнта хуткасць не задавальняе. Першы этап - 44 км - (участак ад віцебскай да гродзенскай трасы) Аляксандр Лукашэнка патрэбаваў завяршыць ужо ў наступным годзе.


Дарэчы, ініцыятарам гэтай стратэгіі (сыходу ад асфальтабетоннага пакрыцця) быў менавіта Прэзідэнт краіны. Рашэнне практычнае з усіх бакоў. Галоўнае - эканамічная мэтазгоднасць. Даўгавечнасць асфальта максімум - сем гадоў, калі ў гарантыйным пашпарце цэментабетоннага пакрыцця значацца 25.


Ды і потым, кошт пытання. Навошта плаціць замежным кампаніям за сыравіну, калі ўласнай - у лішку. Мадэрнізацыя цэментных заводаў дазволіла нарасціць аб'ёмы. Беларусь з лішкам забяспечыць не толькі ўнутраны, але знешні рынкі.


На другой кальцавой аўтамабілісты змогуць разагнацца да 120 км/г. Дарэчы, гэты хуткасны парог павінен стаць нормай і для першага кальца, лічыць Прэзідэнт.


Аляксандру Лукашэнку на практыцы дэманструюць і тэхналогію будаўніцтва. Машына ўкладвае адразу ўсю шырыню дарожнай часткі ў адным кірунку. Кошт другой аб'язной 900 мільярдаў. Прэзідэнт упэўнены: праект можа не толькі абысціся танней, але і ў выніку стаць залатой жылай.


Кіраўнік дзяржавы азнаёміўся і з узорамі дарожнай тэхнікі. Вось, напрыклад, гэты агрэгат не толькі дыягнастуе якасць новага пакрыцця, але і з'яўляецца ворагам неруплівых дарожнікаў - кантралюе план-заданне. Усё б добра. Толькі вось лакалізацыя айчынных запчастак тут усяго 50%. Прэзідэнт чарговы раз ставіць задачу: працэнтныя суадносіны начынкі павінна быць на нашу карысць.


Прэзідэнту далажылі і пра планы рэканструкцыі і ўзвядзення рэспубліканскіх дарог да 2019 года. Іх агульная працягласць складзе больш як 400 км. З іх па параметрах першай катэгорыі - звыш 330. У прыватнасці, абмяркоўвалася і завяршэнне рэканструкцыі аўтадарогі ад Мінска да Гомеля на ўчастку Бабруйск-Жлобін. Зрэшты, бетонцы знойдзецца месца не толькі на другім кальцы. Да 2020 года такое пакрыццё з'явіцца на 100 кіламетрах дарог. У спісе даручэнняў Прэзідэнта - пры добраўпарадкаванні населеных пунктаў, двароў, праездаў і, у тым ліку дарог мясцовага прызначэння, з гэтага часу стануць выкарыстоўваць цэментабетон.