Вынікі ўступнай кампаніі і гатоўнасць да новага навучальнага года - у цэнтры ўвагі Прэзідэнта

15 августа 2017

Вынікі ўступнай кампаніі і гатоўнасць да новага навучальнага года. Гэтыя тэмы - у цэнтры ўвагі Прэзідэнта Беларусі Аляксандра Лукашэнкі. З дакладам Кіраўнік дзяржавы прыняў віцэ-прэм'ера Васіля Жарко і міністра адукацыі Ігара Карпенку. Аляксандр Лукашэнка рэгулярна робіць акцэнт на тым, што сістэму навучання на ўсіх узроўнях трэба не ламаць, а ўдасканальваць. Вынікі цяперашняй уступнай кампаніі паказалі, якія карэкціроўкі правіл прыёму і адукацыйнага працэсу сапраўды наспелі. Усе гэтыя пытанні шырока абмяркуюць з бацькамі і педагогамі. На наступным тыдні ў Мінску адбудзецца вялікі рэспубліканскі педсавет. Удзел прымуць каля тысячы настаўнікаў з усёй краіны. Гэта будзе адкрытае абмеркаванне тэм, якія хвалююць, у сферы адукацыі. На сустрэчы ў Прэзідэнта абмеркавалі і тактыку ў дачыненні набору - ВНУ будуць яго скарачаць, а ліцэі і каледжы, наадварот, павялічваць. Разглядаецца і пытанне аб вяртанні да пяцібальнай сістэмы ацэнак ведаў. Асобна Кіраўнік дзяржавы спыняецца на падрыхтоўцы да школы дзяцей-сірот і дзяцей з недабрабытных сем'яў. Гучыць задача - не абдзяліць. Застаецца на парадку дня і пытанне абнаўлення праграм і падручнікаў. З 1 верасня вучыцца будуць па абноўленых навучальных праграмах. Усе падрабязнасці - у матэрыяле Наталлі Брэвус.

Гэта ўчора яшчэ абітурыент, а сёння Віталь - студэнт запаветнага медыцынскага. Складанае і хвалюючае лета за спінай, наперадзе - вучоба ў медыцынскім. Хлопец паказаў другі вынік пры паступленні ў гэтую мінскую ВНУ - набраў 395 балаў. Сапраўдны палескі вундэркінд! Вучыўся ў звычайнай вясковай школе ў Лельчыцкім раёне, а калі захапіўся хіміяй, перайшоў у раённую гімназію. Мара быць урачом сёння становіцца рэальнасцю.

Гімназіст два гады запар займаў першыя месцы на алімпіядзе па хіміі. Зрэшты, педагогі і раней не сумняваліся, і зараз упэўненыя: у хлопца добрая будучыня. Настойлівы і мэтанакіраваны. Без гэтага не будзе поспеху ні ў вучобе, ні ў жыцці.

Усё лета абітурыенты змагаліся за права атрымліваць годную адукацыю. Сёлета зарэгістраваныя рэкордна высокія сярэднія балы, напрыклад, у Белдзяржуніверсітэце. 380 на факультэце міжнародных адносін і 359 на факультэце прыкладной матэматыцы і інфарматыкі. Гавораць, гэта адна з самых паспяховых прыёмных кампаній па ўзроўні падрыхтаванасці.

А калі ў цэлым, то Беларусь уваходзіць у групу дзяржаў з высокім узроўнем адукацыі. Гэта пацвярджаецца паказчыкамі распрацаванага ААН індэксу чалавечага развіцця. У нас знаходзіцца амаль 8 тысяч устаноў адукацыі, дзе штогод навучаюцца каля двух мільёнаў чалавек. У 2017 годзе больш чым 20 000 тысяч замежных грамадзян са 107-мі краін свету прыехалі па веды і падрыхтоўку менавіта ў Беларусь.

Не ламаць, а ўдасканальваць. Менавіта па такім прынцыпе не раз заклікаў дзейнічаць Прэзідэнт экспертаў і спецыялістаў у такой адчувальнай сферы як адукацыя. Бо яна, так або інакш, закранае кожнага ў краіне. У каго ў сям'і - школьнікі, у каго - студэнты. Хто сам педагог. На выхадных заканчваецца ўступная кампанія. А тут, лічы, два тыдні - і пачынаецца новы навучальны год. Можна падводзіць першыя вынікі гарачай летняй пары.

Да гэтага часу ўжо зразумелая карціна па ўступнай-2017. Бюджэт запоўнены. Галоўны "недабор", са шкадаваннем канстатуюць ва ўрадзе і профільным міністэрстве, на завочнае аддзяленне па сельскагаспадарчых і інжынерна-тэхнічных спецыяльнасцях.

І гэта толькі адзін з момантаў. Вынікі цяперашняй уступнай кампаніі паказалі, якія карэкціроўкі правіл прыёму і адукацыйнага працэсу сапраўды наспелі. Бо адукацыя - жывы арганізм. Чутка рэагуе на час і сітуацыю ў грамадстве. Усе прапановы ўрада і Дзяржкамісіі па кантролі за ходам выпрабаванняў - яшчэ ў стадыі абмеркавання. Напрыклад, ёсць намер ісці па шляху паэтапнага павышэння "парогавага" значэння бала ЦТ. Вымалёўваецца тактыка і ў дачыненні набору - ВНУ будуць яго скарачаць, а ліцэі і каледжы, наадварот, павялічваць. Вось такі адказ адукацыі на запыты часу і эканомікі! Разглядаецца, наколькі справядлівая цяперашняя сістэма ацэнкі ведаў навучэнцаў, і ці патрэбна вяртанне да пяцібальнай сістэмы.

Завочнае навучанне можа стаць у асноўным платным. Пры гэтым трэба будзе мець як мінімум год працоўнага вопыту і стажу. Пытанне для будучай дыскусіі - а ці трэба ўлічваць пры паступленні сярэдні бал атэстата? Больш жорскімі стануць падыходы да акрэдытацыі і ліцэнзавання ВНУ і каледжаў. Прычым больш выразны акцэнт будзе на профіль навучальнай установы. Усе гэтыя пытанні ў найбліжэйшы час будуць шырока абмяркоўвацца бацькамі і педагогамі.

Яшчэ да таго, як пачнецца новы навучальны год, прызначана правесці вялікі рэспубліканскі педсавет. Плануецца, што ён пройдзе ў сярэдзіне наступнага тыдня, прадоўжыцца 2 дні. У Мінск з'едуцца каля 1000 педагогаў з усёй краіны. Менавіта такі фармат дазволіць разам абмеркаваць пытанні заўтрашняга дня і глабальныя падыходы для адукацыі з далёкім прыцэлам - да 2030 года.

Калі для дзяцей летам прыходзяць доўгачаканыя канікулы, то для школ гэта час перазагрузкі і абнаўлення. Да верасня будуць гатовыя ўсяго больш за 3 тысячы школ. Адкрыюцца і дзве новабудоўлі - у сталічным раёне Дамброўка і Крычаве.

Апошні глянец да 1 верасня наводзяць у школе вёскі Страдзіч. Вучняў з кожным годам тут становіцца больш. А маленькая тыпавая школа, пабудаваная яшчэ ў пачатку 20 стагоддзя, ужо не магла змясціць усіх ахвотнікаў спасцігаць навуку. Дзякуючы падтрымцы Сусветнага банка рэканструкцыі і развіцця тут з'явілася двухпавярховая прыбудова і спартыўная зала. 1 верасня школа ў новым фармаце расчыніць дзверы для 340 вучняў.

База важная, але яшчэ больш важнае начынне адукацыйнага працэсу. На гэтым асобна спыняецца Аляксандр Лукашэнка, гаворачы пра будучы навучальны сезон.

З 1 верасня па ўсіх прадметах ва ўсіх класах будуць дзейнічаць абноўленыя праграмы. Яны размешчаны ў адкрытым доступе на Нацыянальным адукацыйным партале. Не так хутка, але да іх будуць і новыя падручнікі.

Ігар Карпенка, Міністр адукацыі Беларусі: "Мы выпусцім каляу 30 новых падручнікаў, якія будуць выкарыстоўвацца з 1 верасня. Яшчэ частка будзе выдадзена да канца года - 11 падручнікаў. Па тых старых падручніках, якія будуць выкарыстоўвацца, дакладна дадзены метадычныя рэкамендацыі, што з гэтых падручнікаў браць, а што не. У цэлым пастаўлена задача да канца 2019 года цалкам абнавіць усю лінейку падручнікаў па агульнай сярэдняй адукацыі".

Абноўленыя падручнікі ўжо пачалі паступаць у школы - частку ўжо атрымалі ў 36-й мінскай гімназіі. Да новага навучальнага года ў гімназіі былі падрыхтаваныя кабінет фізікі і хіміі. Актыўна ўкараняецца прынцып электроннай школы. З верасня ва ўсіх будуць вось такія карты.

Сёлета навучэнцаў у Беларусі прыбавілася. Расце і колькасць першакласнікаў. Першы раз за парту сядуць 110 тысяч хлопчыкаў і дзяўчынак. Асобнае даручэнне Кіраўніка дзяржавы - напярэдадні навучальнага года надаць увагу падрыхтоўцы да школы дзяцей-сірот і дзяцей з неўладкаваных сем'яў. Па-бацькаўску заўважае Прэзідэнт - яны не павінны быць абдзеленыя.

Для шматлікіх бацькоў жнівень становіцца клопатным перыядам. Трэба закупіць усё неабходнае ад касцюма і абутку да канцылярыі. Да канца месяца ва ўсіх рэгіёнах разгарнулі больш за 180 школьных кірмашоў. У выхадныя дні іх колькасць толькі ўзрастае. Сёння асобна прагучала даручэнне Прэзідэнта маніторыць цэны. Кацярына - мама двайнят-першаклашак - тут часты госць. Сочыць за скідкамі, усё ж адразу некалькіх школьнікаў у сям'і - гэта адчуваецца. Быццам хлапчукі падобныя. А вось характар розны - даводзіцца ўлічваць густы і фізіка, і лірыка. На школу настроены, але без уласцівага шматлікім сёння бацькоўскага перфекцыянізму.

Чакаюць, што падключацца да падрыхтоўкі да навучальнага года прадпрыемствы і прафсаюзы - трэба аказаць дапамогу тым, хто мае ў гэтым патрэбу. Асаблівая ўвага - шматдзетным сем'ям. Гэта будзе дарэчы. Бо для кожнага дзіцяці пачынаецца не проста новы навучальны год, а новы этап у складанае сталае жыццё.