Вынікі рабочай паездкі Кіраўніка дзяржавы ў Веткаўскі раён Гомельскай вобласці

25 июля 2019

У невялікіх гарадах і аграгарадках будуць актыўна будаваць жыллё для шматдзетных сем'яў. Гэта адно з сённяшніх даручэнняў Кіраўніка дзяржавы па выніках рабочай паездкі ў Веткаўскі раён Гомельскай вобласці.

Веткаўшчына - адзін з найболей пацярпелых ад трагедыі на Чарнобыльскай АЭС рэгіёнаў. Тады з раёна з'ехала больш за палову мясцовых жыхароў. А зараз наадварот,  многія вяртаюцца. Аднаўленне гэтых земляў пасля аварыі было пад асабістым кантролем Прэзідэнта. За апошнія гады створаныя новыя вытворчасці, інфраструктура, будуецца жыллё, не так даўно дзверы для аматараў здаровага ладу жыцця адчыніў новы спарткомплекс. Пабудаваць яго прасілі самі жыхары падчас папярэдняй паездкі Прэзідэнта ў гэты рэгіён у 2005 годзе. Ведаючы, што Прэзідэнт сёння тут, каля новабудоўлі сабраліся людзі. Яны падзякавалі Аляксандру Лукашэнку за ўвагу да рэгіёнаў і ўсё тое, што робіцца для камфортнага жыцця. 

Забяспечанасць жыллём, аздараўленне беларусаў, праца прадпрыемстваў і аператыўныя зводкі пра ход жніва. Без увагі не засталося ні адно з гэтых пытанняў. Веткаўшчына - класічны прыклад аграрнага рэгіёна. Эканоміку вызначае сельская гаспадарка. Больш за 60 % мясцовага бюджэту складаюць прадпрыемствы менавіта гэтага профілю. Таму тут жыццёва важныя бясстратныя вытворчасці. Даручэнні Кіраўніка дзяржавы датычацца не толькі Гомельшчыны. Праблемы аднолькавыя па ўсёй краіне. Так, Прэзідэнт запатрабаваў узяць пад жорсткі кантроль сітуацыю з падзяжом жывёлы.

Рашэнне Прэзідэнта наведаць Гомельскую вобласць было наўмысным. Некалькі дзён таму дыстанцыйна абмеркаваўшы пытанні ўборачнай кампаніі на селектарнай нарадзе, Кіраўнік дзяржавы паабяцаў, што прыедзе ў рэгіён асабіста: была некаторая боязь наконт ураджаю. Менавіта ў Веткаўскім раёне ўжо ўбрана больш за 40 % плошчаў. На гэтых палях выпрабоўваюць сусветную навінку брэнда "Гомсельмаш" – збожжаўборачныя  камбайны на газе. Машыны былі вырабленыя па даручэнні Прэзідэнта. Апроч істотнай эканоміі, інавацыйны камбайн дазваляе значна знізіць выкіды таксічных рэчываў у навакольнае асяроддзе. Асобныя даручэнні прагучалі і для Гомсельмаша. Неабходна распрацаваць стратэгію развіцця прадпрыемства і асаблівую ўвагу надаць кадрам.

Пасля наведвання Веткі Кіраўнік дзяржавы ход уборачнай агледзеў з паветра. Прэзідэнцкі верталёт праляцеў над чарнобыльскімі раёнамі, стан спраў быў відаць як на далоні. Далей маршрут Кіраўніка дзяржавы ішоў па ўсходніх раёнах краіны аж да Віцебскай вобласці. Прэзідэнцкая інспекцыя стала лагічным працягам селектарнай нарады, якая адбылася два дні таму, сёння ў Аляксандра Лукашэнкі была выдатная магчымасць ацаніць асабіста ход уборачнай адразу ў трох рэгіёнах краіны.