Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка прыняў удзел у цырымоніі адкрыцця форума "Адзін пояс і адзін шлях" у Пекіне.
На саміт прыбылі лідары 29 краін і дэлегацыі з 130 дзяржаў. Аляксандр Лукашэнка як Прэзідэнт краіны, якая адной з першых у Еўропе падтрымала глабальную ініцыятыву Кітая і дала максімальны рэжым спрыяльнасці новаму Шаўковаму шляху, тут госць асаблівы. Шматлікія адзначылі, што ў залу кангрэсаў Прэзідэнт Беларусі зайшоў разам з лідарам Кітая адным з першых. Беларусь вылучае і статус стратэгічнага ўсебаковага партнёрства з КНР, і індустрыяльны хаб, які ўжо будуецца, - найбуйнейшы ў Цэнтральнай і Усходняй Еўропе.
Сі Цзіньпін, Старшыня КНР:
"Кітай павялічыць фінансавую падтрымку ініцыятывы "Адзін пояс і адзін шлях", накіраваўшы дадаткова звыш 100 мільярдаў юаняў у фонд Шаўковага шляху. Кітайскі банк развіцця і Экспартна-імпартны банк Кітая пашыраць асаблівыя крэдытныя лініі яшчэ на прыкладна 250 мільярдаў юаняў на інфраструктурныя праекты, развіццё вытворчасцяў і сферы фінансаў".
У першай частцы форуму арганізатары максімальна падкрэслілі глабальнасць ініцыятывы. Выступілі ад Еўропы Чэхія і Грэцыя, ад Лацінскай Амерыкі - Чылі, ад Афрыкі - Эфіопія, ад Азіі - Турцыя і Пакістан.
Кірунак Ісламабад для Беларусі адносна новы, але тым больш амбіцыйная задача. Дарожная карта выпрацавана, сёння час кантраляваць яе рэальнае напаўненне і выкананне. Вынікі ўжо ёсць: пасля афіцыйнага візіту Прэзідэнта ў кастрычніку мінулага года ў Пакістан беларускі экспарт падвоіўся. А ў канцы лета чакаем другі візіт прэм'ер-міністра Пакістана ў Беларусь. Парадак дня на вышэйшым узроўні сёння абмяркоўвалі на форуме.
Наваз Шарыф, Прэм'ер-міністр Пакістана:
"Я рады чарговы раз сустрэцца з вамі, спадар Прэзідэнт, а апошні візіт у беларускую сталіцу выклікае ў мяне толькі самыя цёплыя ўспаміны. За вельмі кароткі прамежак часу нам удалося падняць узровень узаемаадносін Беларусі і Пакістана на вельмі высокі ўзровень. Безумоўна, такіх тэмпаў мы дасягнулі дзякуючы нашым асабістым адносінам. Вы з'яўляецеся фундаментам гэтых адносін, і мы можам па праве гэтым ганарыцца".
Дарэчы, ключавыя ініцыятывы для новага светапарадку і развіццё ініцыятывы "Адзін пояс і адзін шлях" Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка прадставіць на форуме ў асноўны рабочы дзень - заўтра. Тады прадоўжацца і двухбаковыя сустрэчы на вышэйшым узроўні, у тым ліку з гігантамі кітайскага бізнесу.













