Вось ужо два тыдні ініцыятыўныя групы працягваюць збіраць подпісы за вылучэнне кандыдатаў у Прэзідэнты. Многія беларусы ўжо паспелі пакінуць свой аўтограф у падпісных лістах, а хтосьці яшчэ пазнаёміцца з членамі ініцыятыўных груп патэнцыяльных кандыдатаў. Практычна ва ўсіх людных месцах сталіцы і ў рэгіёнах працуюць пікеты, увечары зборшчыкаў подпісаў нярэдка можна сустрэць і на парозе сваёй кватэры. Такім чынам, у лідарах выбарчай гонкі ініцыятыўная група па вылучэнні кандыдатам у Прэзідэнты Аляксандра Лукашэнкі. Кіраўнік ініцыятыўнай групы - старшыня Федэрацыі прафсаюзаў Беларусі Міхаіл Арда - сёння паведаміў, што на гэты момант ужо сабрана больш за 500 тысяч подпісаў. Падрабязнасці ў Ілоны Красуцкай.
Плюсавы максімум у Мінску нібы паўтарае гарачую пару перадвыбарнай кампаніі. У барацьбе за запаветныя 100 тысяч аўтографаў удзельнікам ініцыятыўных груп нават плюс 32 не перашкода. Некалькі разоў на дзень мяняюць лакацыю - мабільныя пікеты пераязджаюць з аднаго канца горада ў другі. Тыя ж, каго стамляе спякота, актыўна стукаюцца ў дзверы беларусаў. Подпісы дома збіраюць усе дазволеныя 14 гадзін за суткі.
Ужо два тыдні беларусы пакідаюць аўтографы за прэтэндэнтаў на прэзідэнцкую пасаду. Сярод тых, хто ўжо распісаўся, - студэнты, бізнесмены, вайскоўцы, спартсмены і пенсіянеры. Самыя папулярныя пытанні, на якія даводзіцца адказваць удзельнікам ініцыятыўных груп: праграма, узрост і адукацыя кандыдата.
Міхаіл Арда, кіраўнік ініцыятыўнай групы А. Р. Лукашэнкі, старшыня Федэрацыі прафсаюзаў Беларусі: "Актыўнасць не падае, яна наадварот сёння ў людзей узрастае. Наша ініцыятыўная група сёння працуе не толькі ў Мінску, яна працуе і ў буйных гарадах, раённых цэнтрах, у пасёлках, вёсках. Што характэрна: людзі не толькі ставяць подпісы, людзі сёння ахвотна дзеляцца сваімі думкамі, выказваюць прапановы, заўвагі. Падпісваюцца і старыя і маладыя".
І сёння кіраўнікі ініцыятыўных груп падзяліліся з журналістамі апошнімі звесткамі - назвалі колькасць сабраных подпісаў. У лідарах выбарчай гонкі ініцыятыўная група па вылучэнні кандыдатам у Прэзідэнты Аляксандра Лукашэнкі. На сёння ўжо сабрана больш за 500 тысяч подпісаў. Такі вынік за такі кароткі тэрмін заканамерны, бо ініцыятыўная група Кіраўніка дзяржавы самая масавая - 10 577 чалавек. Падпісныя лісты здадзеныя ў тэрытарыяльныя выбарчыя камісіі, але гэта не мяжа, заяўляюць у штабе Аляксандра Лукашэнкі.
Міхаіл Арда, кіраўнік ініцыятыўнай групы А. Р. Лукашэнкі, старшыня Федэрацыі прафсаюзаў Беларусі: "На сённяшні дзень за вылучэнне А. Р. Лукашэнкі кандыдатам у Прэзідэнты Рэспублікі Беларусь сабрана больш за 500 тысяч галасоў. Ініцыятыўная група і надалей прадоўжыць сваю работу для таго, каб усе грамадзяне маглі рэалізаваць сваё канстытуцыйнае права на вылучэнне кандыдатаў у Прэзідэнты Рэспублікі Беларусь".
Як стала вядома нашаму тэлеканалу, на другім месцы па колькасці сабраных подпісаў зараз ініцыятыўная група Сяргея Гайдукевіча - 67 тысяч. Да канца тыдня каманда прэтэндэнта разлічвае значна абнавіць лічбу.
У тэлефоннай гутарцы ініцыятыўная група Віктара Цярэшчанкі расказала, што ўдалося сабраць больш за 52 тысячы. А 47 з паловай у прэтэндэнта Мікалая Улаховіча.
Алег Несцяркоў, кіраўнік ініцыятыўнай групы В. Цярэшчанкі: "Я мяркую па выніку. У першую чаргу, гэта актыўнасць і ў зносінах, і ў зборы подпісаў, каб аддаць свой голас і даць кандыдату ў Прэзідэнты шанц паўдзельнічаць у другім этапе выбараў. Ну і самае галоўнае, што спакойна. Гэта, напэўна, вельмі важнае пытанне".
Каля 43 тысяч у ініцыятыўнай групы Таццяны Караткевіч. Аднак падпісныя лісты ў тэрытарыяльныя выбаркамы пакуль не пададзеныя. Камандзе Анатоля Лябедзькі на пікетах удалося атрымаць 30 тысяч подпісаў. Прыкладна столькі ж у ініцыятыўнай групы па вылучэнні Сяргея Калякіна. Патэнцыяльны кандыдат у прэзідэнты Жанна Раманоўская пакуль не называе колькасць сабраных подпісаў.
Лідары ініцыятыўных груп працягваюць тэматычныя лікбезы. Абавязковая ўмова - пашпарт у абмен на подпіс. Нагадваюць і пра табу. Сярод забарон паўторны аўтограф за аднаго і таго ж прэтэндэнта. А вось падпісацца адразу за некалькіх дазваляецца.
Збіраць аўтографы беларусаў ініцыятыўныя групы будуць да 21 жніўня. Тыя прэтэндэнты, якія збяруць не менш чым 100 тысяч подпісаў, памяняюць статус. З 6 па 15 верасня Цэнтрвыбаркам правядзе рэгістрацыю кандыдатаў, пасля чаго яны будуць мець права перайсці да наступнага этапа выбарчай кампаніі - агітацыі.













