Інаўгурацыя Прэзідэнта Беларусі пройдзе сёння ў Мінску

6 ноября 2015

Цырымонія ўступлення на пасаду зноў абранага Кіраўніка дзяржавы Аляксандра Лукашэнкі адбудзецца ў Палацы Незалежнасці. На ўрачыстае мерапрыемства запрошаныя больш за тысячу гасцей. Сярод іх і прадстаўнікі замежных дзяржаў. Вялікую цікавасць да інаўгурацыі беларускага лідара выявілі і сродкі масавай інфармацыі - як беларускія, так і замежныя. У 11:50 пачнецца прамая тэле- і радыётрансляцыя з Палаца Незалежнасці. Усе падрабязнасці цырымоніі раскрые наш карэспандэнт Аляксей Адашкін.

За ўсю гісторыю суверэннай Беларусі адбылося чатыры інаўгурацыі Прэзідэнта. Адзін раз гэтую ўрачыстую цырымонію правялі ў Авальнай зале Дома ўрада і тройчы - у Палацы Рэспублікі. Сёння ж Аляксандр Лукашэнка як ізноў абраны Прэзідэнт упершыню прынясе прысягу ў Палацы Незалежнасці.

Усё пройдзе ў Зале ўрачыстых цырымоній. Тут Аляксандр Лукашэнка прынясе прысягу на спецыяльным экземпляры Канстытуцыі са скураной вокладкай і вышытымі літарамі. Дарэчы, тэкст прэзідэнцкай клятвы, які складаецца з трыццаці слоў, прапісаны ў асноўным законе краіны. Пасля прынясення прысягі Кіраўнік дзяржавы падпіша адпаведны акт. Затым старшыня Цэнтральнай выбарчай камісіі Лідзія Ярмошына ўручыць ізноў абранаму Прэзідэнту пасведчанне. Каб усё дзейства прайшло дакладна і згодна са сцэнарыем, было праведзена некалькі рэпетыцый. За ходам урачыстай цырымоніі будуць сачыць дзясяткі тэлекамер. Відэа з Палаца Незалежнасці ў прамым эфіры пакажуць усе беларускія тэлеканалы. На інаўгурацыю запрошаныя больш за тысячу чалавек. Сярод іх вышэйшыя службовыя асобы, дэпутаты, сенатары, прадстаўнікі палітычных партый і грамадскіх аб'яднанняў, навукоўцы, пісьменнікі, спартсмены, ветэраны, замежныя дыпламаты. Чакаецца прыезд і замежных гасцей.

Наталля Эйсмант, прэс-сакратар Прэзідэнта Беларусі:

"Будзем біць рэкорды па колькасці запрошаных сюды гасцей. Больш за тысячу чалавек будзе запрошана. Акрамя таго, каля сотні журналістаў акрэдытавана, як заўсёды, вельмі шырокая геаграфія - ад Кітая да ЗША. Вялізная цікавасць і да трансляцыі. Наша Белтэлерадыёкампанія будзе паднімаць на спадарожнік усё, што будзе адбывацца. Ужо паступіла вялізная колькасць заявак, каб займець гэтую трансляцыю з самых розных краін свету".

Частка цырымоніі пройдзе на плошчы Дзяржаўнага флага. Тут збяруцца прадстаўнікі ўсіх родаў войскаў. Беларускія вайскоўцы прынясуць клятву на вернасць народу і абранаму Прэзідэнту краіны, вярхоўнаму галоўнакамандуючаму. Пасля чаго з урачыстым маршам выступіць рота ганаровай варты.

Яшчэ адной пляцоўкай для ўрачыстасцяў сёння стане Палац Рэспублікі. Менавіта тут з нагоды ўступлення на пасаду Прэзідэнта адбудзецца святочны канцэрт. На галоўнай сцэне краіны выступяць вядомыя артысты, таленавітыя самародкі з глыбінкі, а таксама нашы ўслаўленыя землякі, якія жывуць у розных краінах свету.