Ігар Ісачанка зацверджаны на пасадзе старшыні Аршанскага райвыканкама

15 августа 2018

Пачынаем выпуск з самай рэзананснай тэмы апошніх дзён - вялікай прэзідэнцкай інспекцыі Аршанскага раёна і наступнай жорсткай размовы. Сёння прынятыя і першыя кадравыя рашэнні. Рэгіён чакае новы перыяд развіцця. У Аршанскім раёне павінна быць сфарміравана моцная каманда, гатовая да выканання пастаўленых задач. Асаблівая ўвага - сацыяльна-эканамічнаму развіццю і добраўпарадкаванню.

Пра гэта заявіла кіраўнік Адміністрацыі Прэзідэнта Беларусі Наталля Качанава падчас прадстаўлення новага кіраўніка Аршанскага райвыканкама. На пасадзе старшыні зацверджаны Ігар Ісачанка. Да гэтага ён займаў пасаду старшыні Камітэта па архітэктуры і будаўніцтве Віцебскага аблвыканкама. Пад яго кіраўніцтвам завершаны работы па рэканструкцыі тэрапеўтычнага корпуса бальніцы ў Оршы, будаўніцтва дзіцячага садка ў мікрараёне Білева абласнога цэнтра, раённай бальніцы ў Мёрах. Наталля Качанава адзначыла, што новаму кіраўніку ў першую чаргу трэба будзе навесці элементарны парадак у рэгіёне, у прыватнасці, на прадпрыемствах. Прычым у максімальна кароткія тэрміны. Таксама кіраўнік Адміністрацыі Прэзідэнта акцэнтавала ўвагу на тым, што кіраўнікі ўсіх узроўняў абавязаны надаваць належную ўвагу працы з людзьмі і тым самым заваёўваць аўтарытэт у насельніцтва.