Дзяржаве неабходна дапамагчы людзям з пошукам працы, прапанаваўшы ім магчымасць заробку

25 марта 2017

Аб гэтым Прэзідэнт заявіў напярэдадні падчас рабочай паездкі ў Гродзенскую вобласць.

Аляксандр Лукашэнка канкрэтызаваў сваё даручэнне - разабрацца да мая з працаўладкаваннем беспрацоўных грамадзян. Разам з тым, трэба працягнуць стварэнне новых рабочых месцаў на прадпрыемствах, якія дзейнічаюць і ўводзяцца ў лад, пры неабходнасці навучаць людзей новым спецыяльнасцям. Аляксандр Лукашэнка нагадаў і аб сваім патрабаванні - не звальняць людзей без узгаднення з мясцовымі органамі ўлады.

Прэзідэнт наведаў РСУП "Саўгас "Лідскі" і азнаёміўся з ходам вяснова-палявых прац. Сёлета сяўбу яравых культур плануецца правесці, улічваючы рэкамендацыі навукоўцаў Нацыянальнай акадэміі навук краіны. Плошчы пад сельгаспасевы складуць амаль два з паловай мільёны гектараў. Прэзідэнту прадэманстравалі мадэлі сельгастэхнікі, выпушчанай айчыннымі прадпрыемствамі. Паказалі і машыны для ўнясення мінеральных і вадкіх арганічных удабрэнняў.

Таксама Аляксандр Лукашэнка наведаў мясаперапрацоўчае прадпрыемства "Арвібелагра". Прэзідэнту далажылі аб стане і новых кірунках развіцця птушкагадоўлі ў краіне. Кіраўнік дзяржавы ўбачыў сучасныя тэхналогіі перапрацоўкі мяса птушкі і сустрэўся з працоўным калектывам. Працаўнікі прадпрыемства пацікавіліся ў Прэзідэнта становішчам у краіне ў сферы бяспекі. Аляксандр Лукашэнка заявіў, што ўкраінскага сцэнарыя ў Беларусі не дапусцяць. 

Падчас зносін Прэзідэнта з калектывам прадпрыемства "Арвібелагра" гучалі розныя тэмы, абмеркавалі і сацыяльныя аспекты, у прыватнасці, турыстычную прывабнасць Беларусі. Ахвотна Аляксандр Лукашэнка адказаў і на асабістыя пытанні.