Галоўныя арыенціры для новых кіраўнікоў - прынцыповасць, сумленнасць і шчырасць

26 июня 2018

Прэзідэнт правёў шэраг кадравых прызначэнняў. Галоўныя арыенціры для новых кіраўнікоў - прынцыповасць, сумленнасць і шчырасць. Характарыстыкі, годныя для любога чалавека. Але ў верхніх эшалонах улады гэтыя якасці бачныя асабліва выразна, бо вялікі начальнік заўсёды ў калектыве - як на далоні.

Таму і да падбору кіраўнікоў такога ўзроўню ў Кіраўніка дзяржавы асаблівы падыход. Вядома, што Аляксандр Лукашэнка вельмі дбайна вывучае біяграфіі кожнага прэтэндэнта і заўсёды разглядае некалькі кандыдатур на кожную пасаду. Тым больш - зараз, калі новыя прызначэнні ўспрымаюцца ледзь больш востра, чым звычайна. Хваравітую тэму карупцыі сёння таксама закрануў Прэзідэнт. Увесь комплекс кадравай палітыкі ў пытаннях і адказах - у сюжэце Вольгі Макей.

Тузін новых кіраванцаў з самых розных сфер: гэта кіраўнікі на месцах, дыпламаты, кіраўнікі прадпрыемстваў і новыя асобы ў міністэрскім корпусе. Усе яны прафесіяналы з вялікім досведам. Для кагосьці гэтыя прызначэнні стануць крокам уверх па кар'ернай лесвіцы, а камусьці прыйдзецца змяніць прапіску. Але для ўсіх новая пасада - гэта не проста сур'ёзны запіс у працоўнай кніжцы, у першую чаргу - сур'ёзная адказнасць.

Змена прапіскі - гэта як раз пра кіраўнікоў раёнаў. З пераездам сутыкнецца Анатоль Шчаплянкоў. Экс-старшыня Круглянскага раёна з сённяшняга дня будзе кіраваць суседнім, Бялыніцкім. А Круглянскі ўзначаліць Іван Барташэвіч, які там жа быў першым намеснікам старшыні і курыраваў пытанні АПК. На тэме сельскай гаспадаркі Аляксандр Лукашэнка спыняецца асобна, бо зараз для кіраўнікоў раёнаў ураджай - першачарговая задача.

І нагадвае аб гутарцы, якую пачалі пару дзён таму ў гаспадарцы Купалаўскае: надышоў час новых рашэнняў у АПК.

Прэзідэнт прыводзіць гарадок Круглае ў прыклад: там удала вырашылі праблему закінутых пабудоў, навялі парадак на зямлі. А вось у Бялынічах абяцае пабываць у найбліжэйшы час. Як скажа Аляксандр Лукашэнка, раён - на "бойкім месцы", госці з суседняй Расіі там бываюць часта, ды і землі - з добрымі сельгасугоддзямі. Новы кіраўнік ужо ў гутарцы з журналістамі тлумачыць: раёны падобныя, у абодвух стаўка на АПК, таму задачы зразумелыя.

Сёння прызначаны і кіраўнік вышэйшай атэстацыйнай камісіі. Для Аляксандра Гучка - гэта павышэнне (да гэтага быў намеснікам старшыні ВАК). Гэтае адмысловае падраздзяленне падпарадкаванае Прэзідэнту і стваралася для таго, каб пазбегнуць злачынных махінацый у адукацыі, як гэта бывае ў нашых суседзяў. ВАК - гэта своеасаблівае сіта, пройдучы праз якое, сапраўды можна сказаць: гэта навуковец са знакам якасці, які сапраўды атрымаў сваё званне або дыплом. Наогул, сумленнасць сёння - найважнейшы крытэрый для кіраванца. Кіраўнік дзяржавы зноў нагадвае ўсім кіраўнікам у краіне: любыя супрацьпраўныя дзеянні будуць жорстка спыняцца.

Новы кіраўнік атэстацыйнай камісіі не па чутках ведае, што такое абараніць дысертацыю. Сам доктар навук. За плячамі 2 вышэйшыя адукацыі - тэхнічная і юрыдычная, а яшчэ захапленне крыміналістыкай - узначальваў кафедру ў БДУ. У гэтай сферы нават мае 12 патэнтаў на вынаходствы і мадэлі.

Кадравае ўзмацненне і ў прамгігантаў. Адно з найбуйнейшых у Еўропе прадпрыемстваў па выпуску аўтамабільных шын "Белшыну" ўзначаліць экс-памочнік Прэзідэнта Уладзімір Карпяк. Новыя асобы і ў дыпкорпусе: намеснік старшыні гандлёва-прамысловай палаты Вячаслаў Брыль з гэтага часу пасол у Нігерыі, па сумяшчальніцтве ў Гане і Камеруне. Аляксей Швед узначаліць консульства Беларусі ў Стамбуле.

Кадравыя рашэнні закранулі і міністэрскі корпус. Парламентарый Ірына Старавойтава з гэтага часу намеснік міністра адукацыі. Генадзя Трубілу, які займаў пасаду намесніка міністра ЖКГ, павысілі да першага намесніка. А яго месца зараз у Віталя Смірнова. Да гэтага ён узначальваў Мінскую гарадскую жыллёвую гаспадарку і з галіной добра знаёмы.

Экс-кіраўнік Цэнтральнага раёна Мінска Ігар Бузоўскі з сённяшняга дня займае пасаду намесніка міністра інфармацыі. Дасведчаны кіраванец шмат гадоў працаваў на кіруючых пасадах у моладзевых арганізацыях і аб'яднаннях, быў першым сакратаром БРСМ, пазней - намеснікам кіраўніка Адміністрацыі Прэзідэнта Беларусі.

Зрэшты, у Мінску і сталічным рэгіёне сёння два новыя кіраванцы. Намеснікам старшыні Мінскага аблвыканкама стаў Мікалай Рагашчук, да гэтага ўзначальваў камітэт эканомікі Мінгарвыканкама. Зараз патрэбна будзе вырашаць не толькі эканамічныя, але і сацыяльныя пытанні ўжо ў рэгіёне.

Самы малады з сённяшняга спісу кандыдатур - Дзмітрый Пятруша. Ён узначаліць Цэнтральны раён Мінска. Яму 34, але за плячамі 2 вышэйшыя адукацыі і кіруючыя пасады на прадпрыемствах, якія ўваходзяць у Мінэнерга. Зрабіць Мінск квітнеючым горадам - а менавіта гэтага патрабуе Прэзідэнт - задача кіраўнікоў 9-ці раёнаў сталіцы. І тут, у тым ліку, стаўка на моладзь - актыўную і ініцыятыўную. Вядома, для "начальніка" важная эканоміка - вобласці, раёна, прадпрыемства. Але Прэзідэнт чарговы раз нагадвае: галоўным для любога кіраўніка павінен быць чалавек і справядлівае стаўленне да тых, хто побач. Менавіта гэтаму Аляксандр Лукашэнка, пройдучы ўсе кіраўнічыя прыступкі, імкнецца навучыць новае пакаленне кіраўнікоў. Каб атрымаць высокую пасаду, сёння мала быць проста прафесіяналам, важная сумленнасць, шчырасць і прынцыповасць.