Галоўнай знешнепалітычнай тэмай тыдня стаў афіцыйны візіт Прэзідэнта Беларусі ў Арменію

19 мая 2013

Шэраг  падзей гэтага тыдня мае яркую міжнародную афарбоўку. Геаграфія навін, якія маюць дачыненне  да Беларусі, самая шырокая - перамовы ў Арменіі, візіты дэлегацый з Кітая, В'етнама і Расіі, важныя сустрэчы ў Сербіі і Латвіі. Еўрабачанне ў Швецыі, нарэшце. Усё гэта наперадзе, а пачнём з галоўнай знешнепалітычнай тэмы - афіцыйнага візіту Прэзідэнта  ў Арменію. Пытанняў  для абмеркавання назапасілася дастаткова: сёлета дыпадносінам Беларусі і Арменіі спаўняецца 20 гадоў, аднак тавараабарот паміж дзвюма краінамі пакуль  пакідае жадаць лепшага. Сумесныя праекты ёсць, але іх павінна быць больш. У спектры беларуска-армянскіх адносін менавіта эканоміцы  прэзідэнты надалі прыярытэтную ўвагу. Бакі дамовіліся  наконт  пашырэння прамысловай кааперацыі,  у тым ліку за кошт стварэння сумесных вытворчасцяў. Беларусь дапаможа Закаўказскай рэспубліцы мадэрнізаваць АПК і здабываць з нетраў карысныя выкапні. У сваю чаргу Арменія падзеліцца вопытам у  галіне  ядзернай бяспекі.  У гэтых  і іншых сферах  цэлы пакет дамоўленасцяў, якія  трэба рэалізаваць ужо ў найбліжэйшы час.


Больш падрабязна - з Ерэвана Сяргей Гусачэнка. Белшына - гэта тэмперамент вашай машыны. Армен Шахбазян запэўнівае, што менавіта так гавораць армянскія  вадзіцелі. Беларускія шыны займаюць каля чвэрці мясцовага рынку. А калі браць вытворцаў СНД, то і зусім амаль палову. У Армяна-Беларускім гандлёвым доме, які працуе ўжо трэці год, прадукцыя бабруйскага прадпрыемства адна з самых хадавых. Тэмперамент узаемнага гандлю вызначаюць лічбы тавараабароту. Ён пакуль невялікі і вагаецца ў раёне 50 млн долараў. А таму прыклад Белшыны - хутчэй намёк на відавочную перспектыву і іншых сумесных праектаў. Працэс іх стварэння, як правіла, актывізуецца пасля перамоў на вышэйшым узроўні. Пошуку новых формаў узаемадзеяння як раз і быў прысвечаны візіт Аляксандра Лукашэнкі ў Ерэван.
Пасля ўрачыстага  цырыманіялу каля  Прэзідэнцкага палаца лідары дзвюх дзяржаў адпраўляюцца ў залатую залу для перамоў у фармаце адзін на адзін. У кароткім прывітанні  бачны характар узаемаадносін дзвюх краін. Пасля перавыбрання на другі тэрмін  з афіцыйным візітам у Арменіі першым Серж Саргсян прымае менавіта Прэзідэнта Беларусі. У сваю чаргу Аляксандр Лукашэнка канстатуе, што закрытыых тэм у дыялогу няма.
Больш прадметна дэталі супрацоўніцтва абмяркоўвалі ўжо ў шырокім фармаце. Акцэнт на эканоміцы, пытаннях геапалітыкі і  гуманітарным супрацоўніцтве. На працягу ўсяго дня прадстаўнікі беларускай дэлегацыі сустракаліся з армянскімі калегамі і за рамкамі пратакола. Так, міністры сельскай гаспадаркі дамовіліся наконт  стварэння сумесных прадпрыемстваў па перапрацоўцы беларускага масла і малака. Арменіі цікавыя і іншыя праекты ў галіне  АПК. Галоўны сельскагаспадарчы рэгіён Арменіі - Арарацкая  даліна. Тут урадлівыя землі і спрыяльны  кантынентальны клімат. Для апрацоўкі палёў высакагорная рэспубліка мае патрэбу ў сучаснай сельскагаспадарчай тэхніцы, вырабіць якую самастойна Ерэван па розных прычынах не можа. Доля прамысловасці ў ВУП Арменіі пакуль нязначная. Закаўказская рэспубліка мае намер адрадзіць некалі магутны сектар. У краіне прынята стратэгія развіцця прамысловасці і намечаны  11 асноўных кірункаў. Асаблівая стаўка на Беларусь у сферы машынабудавання. У Арменіі з'явіцца зборачная вытворчасць трактароў, для рэалізацыі праекта створаць  спецыяльную рабочую групу. Сярод іншага беларуская тэхніка дапаможа краіне вырошчваць вінаград і нават здабываць золата.
Ужо сёлета МТЗ паставіць у Арменію буйную партыю трактароў,  на падмогу дзеючым у  мясцовыя кар'еры адправяцца вядомыя яшчэ з савецкіх  часоў Белазы. З пазнакай стратэгічная - тэма мірнага атама. Беларусь будуе першую для сябе АЭС, Арменія эксплуатуе ўласную больш за сорак гадоў. Галоўны энергетычны аб'ект рэспублікі Аляксандр Лукашэнка наведаў на наступны дзень пасля пратакольных мерапрыемстваў. За 35 кіламетраў ад Ерэвана выпрацоўваецца каля 40% армянскай электраэнергіі. Станцыя вытрымала нават моцнае землетрасенне ў  1988-м. Важнае пытанне - падрыхтоўка кадраў. Аб гэтым беларускі лідар заявіў напярэдадні. Абмеркаванне прадоўжылася і падчас агляду АЭС. Адметна, што абмен вопытам здабыў прававую аснову: бакі падпісалі пагадненне аб супрацоўніцтве ў  галіне  ядзернай энергетыкі. Арменія мае намер будаваць яшчэ адзін рэактар. Праекціроўшчыкам і заказчыкам, як і ў Беларусі, выступае расійскі  Атамэнергапраект. Усяго ж нарматыўна-прававая база дзвюх дзяржаў  дапоўнілася яшчэ шасцю пагадненнямі. Сярод іншага падпісаныя дакументы аб супрацоўніцтве ў  галіне сельскай гаспадаркі і ў гуманітарнай сферы. Пагадненне аб узаемадзеянні падпісалі таксама нацыянальныя алімпійскія камітэты Беларусі і Арменіі.


Серж Саргсян, Прэзідэнт Арменіі: У нас канкрэтныя  і шматабяцальныя планы ў сферы гандлёва-эканамічнага і інвестыцыйнага супрацоўніцтва, узаемнага доступу тавараў і паслуг на рынкі нашых краін, узаемадзеянне ў галіне  турызму, сельскай гаспадаркі, супрацоўніцтва ў сферы культуры і навукі. Бачныя вялікія магчымасці ў сферы высокіх тэхналогій.


Аляксандр Лукашэнка, Прэзідэнт Рэспублікі Беларусь: На сённяшнім этапе наш галоўны прыярытэт - развіццё эканамічных кантактаў і пашырэнне двухбаковага гандлю. І я ўпэўнены: сённяшняя наша сустрэча і перамовы тут, на гэтай армянскай зямлі, абавязкова прывядуць як мінімум за  паўтара-два гады, як сказаў Прэзідэнт, да падваення  тавараабароту.


Падмогай для гэтага стане і міжрэгіянальнае супрацоўніцтва. Гандлююць з Ерэванам у асноўным Мінск і Мінская вобласць. Зараз у працэс кааперацыі ўключацца і іншыя  рэгіёны абедзвюх краін. Абедзве краіны аб'ядноўваюць не толькі эканамічная і палітычная кааперацыя, але і павага да гісторыі.  Аляксандр Лукашэнка наведаў Мемарыял памяці ахвяр генацыду армян 1915 года, дзе ўсклаў вянок. З-за вялікай колькасці помнікаў (на тэрыторыі невялікай краіны іх больш  за 4 тысячы) Арменію называюць музеем пад адкрытым небам. У горадзе - спадарожніку Ерэвана, невялікім Абавяне, з'явілася  яшчэ адна славутасць. Царква Святога Іаана пабудаваная з чырвона-аранжавай горнай пароды, на адкрыццё храма сабраліся тысячы вернікаў. Сярод ганаровых гасцей  і Аляксандр Лукашэнка. Пасля  завяршэння набажэнства лідары Беларусі і Арменіі ставяць  у храме свечкі.
Вечарам борт  нумар 1 бярэ курс на Мінск, а ў Ерэване праз дзень яшчэ адна знакавая падзея для ўзаемнага гандлю - перарэзана чырвоная стужачка  каля ўваходу ў магазін беларускіх прадуктаў харчавання. Новы магазін - гэта філіял Армяна-Беларускага гандлёвага  дома Ар-Бе, які адкрыўся ў 2010-м і з'яўляецца адным з трох прадпрыемстваў з беларускім капіталам у Арменіі. Зараз у ім 11 тысяч найменняў беларускай прадукцыі, а гадавы  абарот  даходзіць да 10 млн долараў. Менавіта тут Армен Шахбазян прадае беларускія шыны. І менавіта тут кожны подпіс у кантракце - насуперак адлегласці. У Ар-Бе ўжо даўно зрабілі агаворку: Мінск і Ерэван падзяляюць…  усяго 3 тысячы кіламетраў.