Галоўная палітычная падзея гэтага тыдня - вялікая прэс-канферэнцыя Прэзідэнта беларускім і замежным СМІ

20 января 2013
Пад дахам, дзе захоўваецца гісторыя краіны, сабраліся тыя, хто гэтую гісторыю стварае і піша. Зрэшты, менавіта ад тэндэнцыйнасці Кіраўнік дзяржавы пастараўся адысці: амаль адразу схему пытанне-адказ прапанаваў замяніць дыялогам. І хоць не ўсе да такога павароту падзей былі гатовыя, увогуле прэс-канферэнцыя шла менавіта як гутарка. За 5 гадзін пра што толькі не гаварылі: будаўніцтва жылля, маючая адбыцца рэформа дзяржапарату, адносіны з Расіяй і Кітаем, школьныя праблемы, п'яныя вадзіцелі, нядбайныя бацькі.... І пра шмат іншае. Дарэчы, гэтая прэс-канферэнцыя стала топ-навінай у Сусветнай павуціне і заняла пяты радок па колькасці запытаў у Твітары. Трэба аддаць належнае нашым калегам з рэгіёнаў: пакуль сталічныя рэпарцёры часам закраналі тэмы неабсяжныя, а некаторыя і зусім спрабавалі перайсці на асобы, менавіта прадстаўнікі раённых газет і каналаў пыталі пра тое, што сапраўды цікавіць сёння мільёны простых беларусаў.
У зале Нацыянальнай бібліятэкі - больш за 350 журналістаў з 285 не толькі беларускіх, але і замежных СМІ. Ля мікрафонаў утвараліся чэргі, пытанне жадае задаць кожны, але прэс-канферэнцыя робіць ужо ў самым сваім пачатку цалкам незвычайны паварот. Аляксандр Лукашэнка дастае падборку пытанняў людзей, якія да прэсы не маюць ніякага дачынення, але якія жадаюць спытаць Прэзідэнта кожны пра сваё. Пытанні, у абсалютнай большасці досыць вострыя, напярэдадні з'явіліся на некалькіх інтэрнэт-рэсурсах. Адказваючы на іх, Кіраўнік дзяржавы станоўча ацэньвае ўзровень дзяржаўна-прыватнага партнёрства, абвяргае магчымую адстаўку ўрада, гаворыць пра рацыянальнае выкарыстанне рэсурсаў і незалежнасць Нацбанка ў сваёй палітыцы. І толькі затым слова атрымліваюць журналісты ў зале. Блок пытанняў аб эканоміцы працягнуўся тэмай прыватызацыі. Тут будуць вылучаныя прыярытэтныя кірункі, здольныя даць пэўныя вынікі. Пры гэтым прамысловыя прадпрыемствы чакае мадэрнізацыя, якая шырока абмяркоўваецца, - па 12-15 прарыўных праектах. Наступная тэма - валюта. Яе паступленне ў краіну расце, фінансавы стан стабільны, а курс рубля фарміруе рынак, і толькі ён, гаворыць Прэзідэнт. Наступная тэма ў развіццё - выплаты па знешніх даўгах. На гэты год прыходзіцца іх пік, але Аляксандр Лукашэнка супакойвае: грошы на гэта ўжо ёсць, і праблем не паўстане.
У Прэзідэнта цікавяцца, наколькі эфектыўна ідзе дыверсіфікацыя эканамічных адносін. Гэтая стратэгія - адзін са стаўпоў беларускай палітыкі. Аляксандр Лукашэнка гаворыць пра складанасці з прасоўваннем на афрыканскі рынак і поспехах у Лацінскай Амерыцы і Азіі. Кітай, Індыя, В'етнам - гандаль з імі расце выдатнымі тэмпамі, не гаворачы ўжо пра Венесуэлу.
Не абмінуў у сваіх адказах Прэзідэнт і сацыяльную сферу. Прэзідэнт падтрымлівае ідэю дыферэнцыраванай аплаты паслуг ЖКГ. Гутарка заходзіць пра будаўніцтва жылля: дзяржава дапаможа пабудавацца беларусам, але толькі тым, хто сапраўды мае ў тым патрэбу. Знойдуцца грошы і на павышэнні зарплаты, у прыватнасці, дзяржслужачым і настаўнікам.
Падчас прэс-канферэнцыі закраналіся тэмы самыя розныя, напрыклад, дарожная бяспека ў краіне. Адказваючы на адно з пытанняў, Аляксандр Лукашэнка выказваецца за ўзмацненне жорсткасці пакарання нецвярозых вадзіцеляў, тым больш, калі па іх віне гінуць людзі. Абмяркоўвалася тэма сталіцы наступнага фестывалю Дажынкі - тут галоўным кандыдатам з'яўляецца Жлобін. Размаўлялі пра лёс Палесся - праграма яго развіцця будзе рэалізаваная. Не абышлося і без пытанняў па знешняй палітыцы. Прэзідэнт гаворыць пра тое, што Саюзнай дзяржаве Расіі і Беларусі быць - гэта самая цесная інтэграцыйная структура на постсавецкай прасторы. Пытанне нямецкага журналіста датычылася ўзаемаадносін Беларусі і Еўрасаюза.
Прэс-канферэнцыя доўжылася амаль 5 гадзін. Усяго Кіраўнік дзяржавы адказаў больш як на 50 пытанняў журналістаў. Пры гэтым вялізная іх колькасць прыходзіла падчас прэс-канферэнцыі - на факс Нацыянальнай бібліятэкі і электронную пошту прэс-службы Кіраўніка дзяржавы. Усе дакументы перадаваліся Прэзідэнту і чыноўнікам, якія аператыўна на іх адказвалі.
Тое, што прэс-канферэнцыі Аляксандра Лукашэнкі выклікаюць заўсёды вялікую цікавасць - не сакрэт, але ў сераду пацверджанне гэтаму прыйшло з Сусветнай павуціны ў выглядзе красамоўных лічбаў: гутарка Прэзідэнта Беларусі з прэсай патрапіла ў сусветныя трэнды ў Твітары, заняўшы пяты радок з дзесяці тэм, якія больш за ўсё абмяркоўваюцца. Падзеі, якія адбываліся ў адной з залаў Нацыянальнай бібліятэкі, збіралі каля 20 тысяч каментарыяў за гадзіну.