Галоўная тэма дня - прэс-канферэнцыя Прэзідэнта Беларусі расійскім СМІ, якая прайшла напярэдадні

12 октября 2013

Галоўнай тэмай сённяшняга дня застаецца прэс-канферэнцыя Прэзідэнта Беларусі расійскім СМІ, якая прайшла напярэдадні. Гэтая сустрэча па традыцыі завяршыла прэс-тур па нашай краіне. Сёлета ўжо адзінаццаты раз у Беларусі сабраліся больш за 90 рэпарцёраў з 76-ці выданняў Расіі. Сяброўскія зносіны доўжылася рэкордныя пяць з паловай гадзін. Аляксандр Лукашэнка адказаў больш чым на 30 пытанняў. Асноўныя тэмы датычыліся Беларусі і Расіі. Гэта эканоміка, Саюзная дзяржава, дапамога пацярпелай ад паводак Амурскай вобласці, сумесныя вучэнні. Не пакінулі без увагі і гарачую тэму апошніх месяцаў - канфлікт двух гігантаў калійнага рынку. Гаварылі і наконт узаемаадносінаў Беларусі і Кітая, падрыхтоўкі да чэмпіянату свету па хакеі, патрыятызму, сацыяльнай абароны і адукацыі. Спыталіся ў Кіраўніка дзяржавы і пра галоўную заслугу прэзідэнцтва. Адказ быў кароткі - стварэнне суверэннай незалежнай Беларусі. Пасля прэс-канферэнцыі расійскія журналісты адзначылі шчырасць, адкрытасць і гатоўнасць Аляксандра Лукашэнкі гаварыць на абсалютна любыя тэмы, што рэдкасць у сусветнай палітыцы. Гэта адзначылі і беларусы. За выступленнем Кіраўніка дзяржавы сачылі дзясяткі тысяч чалавек. І сёння людзі на вуліцах падзяліліся сваімі ўражаннямі з нашымі карэспандэнтамі.


Рэкордная па працягласці размова, роўна як і ўражанні аб Беларусі без сумнення будуць дэталёва асветленыя ў матэрыялах расійскіх СМІ, патэнцыйная тэлеаўдыторыя якіх складае 130 мільёнаў чалавек, а сумарны тыраж друкаваных выданняў - амаль тры з паловай мільёны экзэмпляраў.