Галоўная ёлка краіны сабрала на свята больш за дзве тысячы дзяцей

23 декабря 2016

Кульмінацыя дабрачыннай акцыі "Нашы дзеці". Галоўная ёлка краіны сабрала на свята больш за дзве тысячы дзяцей.

На ўрачыстасць у Палац Рэспублікі запрасілі выдатнікаў, пераможцаў алімпіяд, выхаванцаў дзіцячых дамоў і інтэрнатаў. Галоўную ёлку краіны яшчэ завуць прэзідэнцкай, бо традыцыйна кожны год хлопчыкаў і дзяўчынак асабіста віншуе Кіраўнік дзяржавы. Сёння было ўсё, што кожны з нас так любіў у дзяцінстве: карагоды з Дзедам Марозам і іншымі казачнымі героямі, смех, песні і вясёлыя конкурсы. І, безумоўна, маляўнічы паказ "Хрустальная мелодыя", у якім дабро абавязкова перамагае над злымі сіламі. Нягледзячы на юны ўзрост запрошаных - ад 8 да 14, - Кіраўнік дзяржавы звяртаўся да іх як да дарослых. Разам з Прэзідэнтам дзеці правялі імправізаваны педсавет.

Кіраўнік дзяржавы павіншаваў дзяцей з надыходзячымі святамі. Пажадаў здароўя, міру і ажыццяўлення самых запаветных жаданняў. Пасля Аляксандр Лукашэнка разам з малодшым сынам Мікалаем занялі месцы ў зале гледачоў. Кожнае дзіця, якое прысутнічала на свяце, атрымала салодкі падарунак. З пустымі рукамі дзеці не адпусцілі і Прэзідэнта. Уручылі сімвалы Новага года - чароўны куфар і елку, зробленыя сваімі рукамі. Эмоцыі і ўражанні агульнабеларускага дзіцячага свята - у нашых наступных выпусках.