Галоўная ёлка краіны праходзіць у Палацы Рэспублікі з удзелам Прэзідэнта Беларусі

27 декабря 2018

Самая добрая акцыя "Нашы дзеці" - у Палацы Рэспублікі.

Сёння навагодняе дабрачыннае свята з удзелам Прэзідэнта стала галоўнай падзеяй марафону цудаў і падарункаў. На Галоўную ёлку прыехалі дзеці з усёй краіны - больш за дзве тысячы хлопчыкаў і дзяўчынак. Аляксандр Лукашэнка прызнаўся, што прысутнічаць на дзіцячых навагодніх урачыстасцях - вялікі гонар і адказнасць. Бо шчасце - ва ўсмешках дзяцей.

Адзначым, што на Галоўную ёлку краіны прыехалі дзеці-сіроты, пакінутыя без апекі бацькоў, выхаванцы кадэцкіх вучылішчаў, пераможцы алімпіяд і юныя грамадскія актывісты. Для іх падрыхтавалі маляўнічае казачнае музычна-сцэнічнае шоу ў выкананні лепшых творчых калектываў краіны, насычаную культурную праграму і падарункі ад імя Прэзідэнта. І як без добрых слоў і пажаданняў у Новы год для кожнага.

Дарэчы, навагодні спектакль называецца "Формула дабра". На сцэне звыш ста чалавек. І галоўны пасыл яркага шоу - цуды і добрыя справы заўсёды патрэбныя і важныя. А ў самы чароўны і казачны час года асабліва.