Кіраўнік дзяржавы сустрэўся з віцэ-прэзідэнтам Еўрапейскага банка рэканструкцыі і развіцця

17 марта 2016

Новая стратэгія на найбліжэйшыя 4 гады і наступны этап - фінансаванне праектаў у дзяржсектары. Кіраўнік дзяржавы сёння сустрэўся з віцэ-прэзідэнтам Еўрапейскага банка рэканструкцыі і развіцця Аланам Пію. Да фінансавай арганізацыі Беларусь далучылася ў 92-м. Вынік: больш за 20 гадоў партнёрства, 70 знакавых праектаў - ад вытворчасці напояў да рухомага саставу. У развіццё важных кірункаў інвеставана каля двух мільярдаў еўра. Як падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка, у свеце Беларусь ведаюць як сумленнага і надзейнага партнёра, які выконвае ўсе абавязацельствы. Гэтыя ж патрабаванні наша краіна прад'яўляе любому інвестару, які гатовы працаваць у Беларусі.

Аляксандр Лукашэнка, Прэзідэнт Рэспублікі Беларусь: "Пры ўсіх складанасцях, якія існавалі ва ўзаемаадносінах Беларусі з Еўрапейскім саюзам, ЗША, ЕБРР заўсёды супрацоўнічаў з Беларуссю. Мы заўсёды знаходзілі агульную мову ў самых складаных умовах, сітуацыях. Гавораць, зараз сітуацыя змянілася. Мы больш адкрыта пачалі размаўляць з ЕС. Гэта добры сігнал, фактар і для нас, і для вас. Ёсць магчымасць нарошчваць наша супрацоўніцтва. Я хачу вас запэўніць, што мы ніколі не абяцалі вам таго, чаго мы не маглі зрабіць, і не будзем гэтага рабіць надалей. Калі мы ўзялі гэтыя абавязацельствы, чаго б ні каштавала, гэта зробім. Нас паважаюць нашы партнёры менавіта за гэта. Я яшчэ раз гарантую вам, што мы будзем паводзіць сябе сумленна як партнёры. Але вы павінны разумець, што мы не пойдзем на праекты, якія беспрыбытковыя, не прыносяць карысць дзяржаве. Я не бізнесмен, я чалавек дзяржаўны. На гэта арыентую ўсю вертыкаль улады і ўрад. Нас народ выбраў для таго, каб абараняць інтарэсы дзяржавы. Але мы абсалютна не супраць прыватнага бізнесу - адказнага бізнесу, які клапоціцца, у тым ліку, пра дзяржаву, а не толькі спрабуе зарабіць у сваю кішэню. І такіх адказных бізнесменаў у краіне дастаткова. Вы маеце справу з чалавекам дзяржаўным, калі вы ў чымсьці сумняваецеся, то вы глядзіце гэты пункт, рабіце высновы, трэба вам звязвацца са мной і з Беларуссю або не. Гэта вось так публічна і шчыра я вам гавару. Але калі дамовімся, вы можаце не сумнявацца, што мы будзем пазітыўнымі і прыстойнымі партнёрамі".

Алан Пію, віцэ-прэзідэнт Еўрапейскага банка рэканструкцыі і развіцця па пытаннях палітыкі і партнёрства: "Апошнія некалькі гадоў банк зрабіў вельмі вялікую працу ў Беларусі. Перад тым як прыехаць у Мінск, я наведаў Гомель і Магілёў. Еўрапейскі банк рэканструкцыі і развіцця шчыльна супрацоўнічаў з беларускімі кампаніямі і ўрадам, паміж намі ўсталявалася высокая ступень даверу. І за гэта я хацеў бы выказаць удзячнасць асабіста вам. Сёння ў нас узнікла магчымасць зрабіць у Беларусі яшчэ больш".

Еўрапейскі Банк рэканструкцыі і развіцця - найбуйнейшы інвестар у рэгіёне. Чвэрць стагоддзя падтрымлівае трансфармацыю эканомік у краінах Цэнтральнай і Усходняй Еўропы. Банк спрыяе развіццю прыватнага сектара і акрамя выдзялення ўласных сродкаў, прыцягвае значныя аб'ёмы прамых замежных інвестыцый.