Кіраўнік дзяржавы сустрэўся з украінскім палітыкам Віктарам Медзведчуком

4 апреля 2019
Апошні час усе сачылі за навінамі з Украіны: краіна выбірала прэзідэнта, прызначаны другі тур. Віктар Медзвядчук раней абяцаў, што пасля палітычнай кампаніі паведаміць Прэзідэнту Беларусі пра яе вынік. Слова сваё стрымаў і - прыехаў. Размова пачалася з жартаўлівай ноты. Віктар Медзвядчук адзначыў, што ў яго ёсць унікальны шанц ужо зараз даведацца, хто пераможа на прэзідэнцкіх выбарах 21 красавіка. Бо яшчэ 1 сакавіка падчас "Вялікай размовы з Прэзідэнтам" Аляксандр Лукашэнка прадказаў, што ў другі тур выйдуць Пётр Парашэнка і Уладзімір Зяленскі. Так і адбылося! Сёння па выніках сустрэчы з беларускім Прэзідэнтам Віктар Медзвядчук даў інтэрв'ю журналістам і падзяліўся сваім бачаннем і ацэнкай палітычных падзей, якія адбываюцца ва Украіне. 

Але галоўнай тэмай на фоне перадвыбарных дыскусій ва Украіне ўсё роўна гучыць дасягненне міру і спакою. Падчас сённяшняй сустрэчы гаворка ішла і пра падзеі на паўднёвым усходзе краіны, пра мірнае ўрэгуляванне канфлікту. У Мінску рэгулярна праходзяць сустрэчы трохбаковай кантактнай групы, аб поспеху гаворыць статыстыка. Летась атрымалася істотна скараціць колькасць ахвяр сярод грамадзянскага насельніцтва да самага нізкага ўзроўню з пачатку канфлікту. Эксперты зыходзяцца на думцы, што пакуль альтэрнатывы мінскім пагадненням няма. Сёння Аляксандр Лукашэнка чарговы раз пацвердзіў гатовасць Беларусі ўдзельнічаць ва ўсіх пытаннях мірнага вырашэння канфлікту. 

Як падкрэсліў Віктар Медзвядчук, якім бы ні быў зыход прэзідэнцкіх выбараў ва Украіне, гэта ніяк не паўплывае на існуючыя беларуска-ўкраінскія адносіны. А самыя вялікія чаканні ад будучага прэзідэнта - гэта мірнае ўрэгуляванне і спыненне баявых дзеянняў у Данбасе.