Кіраўнік дзяржавы сустрэўся з удзельнікамі Сінода Рускай і Беларускай праваслаўных цэркваў

15 октября 2018

Духоўная тэма ўжо не першы дзень застаецца галоўнай у інфармацыйнай прасторы краіны. Учора быў асвячоны храм Усіх Святых, які будаваўся пры непасрэднай падтрымцы Прэзідэнта.

Падзея - яшчэ адно пацверджанне таму, што дзяржава і царква адзіныя на шляху ўмацавання духоўнасці. Аб інтэграцыі царкоўных і свецкіх асноў ішла размова і сёння ў Палацы Незалежнасці. Кіраўнік дзяржавы сустрэўся з удзельнікамі Сінода Рускай і Беларускай праваслаўных цэркваў. Актуальныя пытанні ў адкрытай гутарцы Прэзідэнт абмеркаваў і з Патрыярхам Маскоўскім і ўсяе Русі Кірылам. Высокі аўтарытэт царквы заўсёды выступаў залогам стабільнасці на беларускай зямлі. Застаючыся, мабыць, адзіным духоўным інстытутам, царква захоўвае супольнасць народаў, у той час як планету час ад часу скалынаюць войны і канфлікты. У Беларусі мірна суседнічаюць прадстаўнікі 25 канфесій. І візіт вышэйшага духавенства Рускай праваслаўнай царквы ў Мінск - гэта высокае прызнанне высілкаў дзяржавы ў палітыцы міру і згоды. Усе падрабязнасці ў Ілоны Красуцкай.

Амаль 10 мільёнаў чалавек. Беларусь. Краіна, дзе мірна жывуць прадстаўнікі 25 канфесій. Так, большасць жыхароў, а гэта 85 %, праваслаўныя. Па колькасці паслядоўнікаў Рымска-каталіцкая царква - другая канфесія. Вера і выкананне вучэння прарока Мухамеда згуртавала каля 30 000 мусульман. Не так даўно адкрылася і першая мячэць у беларускай сталіцы.

Другім домам Беларусь стала для прадстаўнікоў больш за 140 нацый і народнасцяў. Сярод звыклых асацыяцый аб нашай краіне: чысціні, парадку - яшчэ абавязкова талерантнасць і міралюбнасць. На плошчы Свабоды ў Мінску знаходзіцца асабліва дарагая ўсім каталікам святыня і насупраць праваслаўная - Свята-Духаў кафедральны сабор. А гэта лепшы сімвалічны прыклад рэлігійнага адзінства.

У гэтыя дні ў Мінск прыбылі іерархі вышэйшага выканаўчага органа Рускай праваслаўнай царквы, каб прыняць удзел у пасяджэнні Свяшчэннага Сінода. Падзею яшчэ загадзя назвалі ўнікальнай, бо яна ўпершыню праходзіць за межамі Расіі. Да таго ж мерапрыемства супала з візітам Патрыярха Кірыла. Уладыка прыбыў на беларускую зямлю ў рамках святкавання 1030-годдзя Хрышчэння Русі. У нашай краіне Патрыярх Кірыл ужо пяты раз. І па традыцыі заўсёды сустракаецца з Прэзідэнтам Беларусі.

Спачатку невялікая экскурсія па галерэі Палаца Незалежнасці. Сімвалічна, зараз тут экспануецца выставачны праект "Спадчына Беларусі" - краіны, з якой многае злучае Патрыярха.

Патрыярх Кірыл раней служыў Архіепіскапам Смаленскім і Калінінградскім і часта праездам бываў у Беларусі. Да таго ж з нашай краінай Уладыку злучае асабістая гісторыя сям'і. Яго родны дзядзька загінуў ля сцен Брэсцкай крэпасці падчас Другой сусветнай вайны. Здавалася б, гэтыя ўрокі, урокі вайны павінны быць засвоеныя. Але, гледзячы на апошнія падзеі ў свеце, становіцца зразумела: асабістыя амбіцыі па-ранейшаму бяруць верх - у прамым сэнсе ўмешваюцца ў самае сакральнае.

Беларусы - нацыя талерантная і верацярпімая. У краіне мірна жывуць прадстаўнікі розных канфесій: праваслаўныя, каталікі, пратэстанты, мусульмане, іудзеі. Візіт вышэйшага духавенства Рускай праваслаўнай царквы ў Мінск - гэта яшчэ і прызнанне палітыкі міру і згоды, якую Беларусь праводзіць у краіне і на міжнароднай арэне. Час і месца для сустрэчы, сапраўды, выбраныя як нельга лепш.

На памяць пра гэтую сустрэчу Кіраўнік беларускай дзяржавы і Патрыярх абмяняліся падарункамі. Аляксандр Лукашэнка падарыў прадстаяцелю Рускай праваслаўнай царквы абраз з выявамі беларускіх святых - Еўфрасінні Полацкай, Кірыла Тураўскага і Валянціны Мінскай.

А пазней Аляксандр Лукашэнка сустрэўся з членамі Свяшчэннага Сінода Рускай і Сінода Беларускай праваслаўных цэркваў. Мерапрыемства таксама праходзіць у Палацы Незалежнасці. Статусны будынак на праспекце Пераможцаў - сімвал беларускай дзяржаўнасці і адначасова міру. Незалежна ад палітычных поглядаў або рэлігійнай прыналежнасці, тут заўсёды з цеплынёй і ветлівасцю прымаюць не толькі найбліжэйшых суседзяў, але і самых геаграфічна аддаленых партнёраў. Тут часта сустракаюцца кіраўнікі розных дзяржаў, а вось адначасова іерархі Рускай і Беларускай праваслаўных цэркваў - упершыню.

Сустрэча праходзіць на фоне ўмацавання пазіцыі афіцыйнага Мінска ў свеце. "Полюс стабільнасці" і "донар бяспекі ў еўрапейскім рэгіёне” - гэтыя тэрміны не толькі ва ўсіх на слыху, але і, відавочна, увойдуць у падручнікі найноўшай гісторыі. Так, стан спраў у рэгіёне ідэальным не назавеш. Таму так часта гаворым пра такія далікатныя каштоўнасці: захаванне гістарычнай памяці, падтрымку міру і згоды.

Зараз усё часцей гавораць, што менавіта крызіс маральнасці і веры прыводзіць да войнаў і канфліктаў. А такія паняцці, як дабрыня, міласэрнасць, любоў да блізкага, спачуванне, духоўнасць нярэдка забываюцца. І ўсё гэта на фоне разбурэння традыцыйных сямейных інстытутаў, масавага наплыву мігрантаў. Аб важнасці рэлігіі як стваральнай сілы ў жыцці грамадства гаварылі сёння.

Штогадовая прэмія "За духоўнае адраджэнне" - адно са сведчанняў высокіх прызнанняў заслуг царквы ў Беларусі. Дарэчы, на адным з апошніх пасяджэнняў Сінода Беларускай праваслаўнай царквы было прынята рашэнне вылучыць на суісканне прэміі перакладчыцкую групу Святога Пісання - Новага Запавету. Над перакладам са старажытнагрэчаскай на сучасную беларускую мову 25 гадоў працавалі навукоўцы і святары. Унікальны экзэмпляр сёння падарылі Аляксандру Лукашэнку.

У Беларусі адказна ставяцца да захавання культурнай спадчыны, аднаўлення святынь і будаўніцтва храмаў. Новая святыня Іаана Прадцечы праз год з'явіцца ў аграгарадку Шаршуны Мінскага раёна. Будаўніцтва храма стала магчымым дзякуючы мецэнату, расійскаму бізнесмену Міхаілу Гуцарыеву. У Беларусі яго ўжо цяжка назваць госцем. Хутчэй, абсалютна свой чалавек. Кіраўнік Слаўкалію рэалізуе адзін з самых маштабных калійных праектаў краіны - гэта будаўніцтва Нежынскага горна-абагачальнага комплексу ў Любанскім раёне. Сферы інтарэсаў расійскага бізнесмена шырокія: калій, нафта, IT, медыябізнес і, вядома, дабрачыннасць. За дваццаць гадоў Гуцарыеў узвёў каля чатырох дзясяткаў храмаў, мячэцяў і сінагог.

Храм будзе для Беларусі ўнікальным у першую чаргу архітэктурай. Першым у старажытным візантыйскім стылі. Увесь комплекс - гэта царква для паўтары сотні вернікаў, капліца і дзіцячая пляцоўка.

Пазіцыя царквы сёння гучыць не толькі ў храме падчас богаслужэння. Нярэдка ў палітыцы СМІ тыражуюць рэакцыю на любыя сацыяльныя працэсы. Усё часцей разбураецца стэрэатып, што ўсё гэта "вельмі кансерватыўна". Місіянеры 21 стагоддзя эксперыментуюць з формамі пропаведзі. Відэаблогі, каналы ў Telegram, асабістыя акаўнты ў сацсетках ёсць і ў Патрыярха Кірыла. Усё з мэтай распавесці аб вечных каштоўнасцях, але не ў звыклай форме. Бо якія з іх выбера моладзь, ад гэтага залежыць лёс цэлага кантынента.

Узаемадапамога і любоў - такія прыярытэты ў супрацоўнікаў рэабілітацыйнага цэнтра пры Доме міласэрнасці ў Мінску. Яны прысвяцілі сябе служэнню людзям. На дабрачыннай аснове аздараўленне тут атрымліваюць маламаёмныя, ветэраны Вялікай Айчыннай вайны і працы. Тут жа ў адной прасторы - храм, іканапісная, швейныя майстэрні, бібліятэка. Гэтыя людзі не адчуваюць сябе кінутымі і могуць знайсці занятак па душы.

Прамянялі свецкае жыццё на духоўнае і больш за сотню пастаялак Свята-Елісавецінскага манастыра. Ён адзіны ў Мінску. Быў заснаваны яшчэ ў 90-я, калі наша грамадства стала вольным ад багаборніцкай прапаганды. Праваслаўнае сястрыцтва дапамагае ў рэабілітацыі пацыентаў Рэспубліканскай псіхіятрычнай бальніцы. Больш як за 2 дзесяцігоддзі Свята-Елісавецінскі манастыр ператварыўся ў сапраўдны духоўны комплекс.

Стварэнне дамоў міласэрнасці, культурна-асветніцкая дзейнасць. Але праваслаўная царква сёння павінна не толькі актыўна ўдзельнічаць у сацыяльных працэсах, але ў першую чаргу садзейнічаць умацаванню міжканфесійнай згоды. Пра гэта трэба гаварыць пры любой магчымасці і не замоўчваць праблемы. Зрэшты, наша краіна заўсёды гатовая даць пляцоўку для канструктыўнага дыялогу. Гэта частка міралюбнай палітыкі, якую Беларусь распаўсюджвае на ўсе народнасці і нацыі, якіх аб'ядноўвае жаданне жыць у міры і згодзе са сваімі суседзямі.