Кіраўнік дзяржавы сустрэўся з губернатарам Яраслаўскай вобласці Сяргеем Ястрабавым

30 января 2014

2014 год працягвае серыю перспектыўных візітаў расійскіх губернатараў у Беларусь. Падмурак тавараабароту - менавіта такое якаснае азначэнне даюць супрацоўніцтву нашай краіны з рэгіёнамі Расіі. Сёння ў цэнтры Мінска яго ўмацоўвалі новымі дамоўленасцямі. На сустрэчы Кіраўніка дзяржавы Аляксандра Лукашэнкі з губернатарам Яраслаўскай вобласці Сяргеем Ястрабавым з шэрагу кірункаў супрацоўніцтва былі выбраныя галоўныя. Гэта інавацыі, сельская гаспадарка, будаўніцтва. І, безумоўна, прамысловая кааперацыя - на ёй робіцца галоўны акцэнт. Менавіта таму афіцыйная частка перамоў была прадоўжаная ўжо непасрэдна на вытворчасцях.


З падрабязнасцямі Святлана Канапацкая.


Беларусь накіраваная на цесную інтэграцыю, але не на словах, а на канкрэтных праектах. Гэтую пазіцыю Аляксандр Лукашэнка пацвердзіў сёння на сустрэчы з губернатарам Яраслаўскай вобласці. Супрацоўніцтва з гэтым расійскім рэгіёнам ідзе, што называецца, ад сэрца. А гэтым сэрцам з'яўляюцца яраслаўскія маторы, якія бесперабойна працуюць у беларускай тэхніцы.


Аляксандр Лукашэнка і Сяргей Ястрабаў ужо сустракаліся ў Яраслаўлі 15 гадоў таму, калі Прэзідэнт наведваў з візітам расійскі рэгіён. Тады Ястрабаў быў у кіраўніцтве мэрыі горада. З таго часу змянілася многае, але вось што засталося нязменным, дык гэта стаўленне Аляксандра Лукашэнкі да рэгіянальных сувязяў. Прэзідэнт адводзіць ім прыярытэтнае месца ў беларуска-расійскіх адносінах.


Што да ўзаемнага гандлю, Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што пакуль сальда складваецца не на карысць беларускага боку. Беларусь зацікаўленая выправіць гэты дысбаланс за кошт пастаўкі сваіх тавараў. І ўсё ж не толькі за гандлем вырашальнае слова ў тавараабароце. Самым перспектыўным кірункам Аляксандр Лукашэнка называе развіццё прамысловай кааперацыі і прапануе Яраслаўскай вобласці ісці менавіта па гэтым шляху.


Беларусь таксама гатова пашыраць супрацоўніцтва ў сельскай гаспадарцы, у сферы будаўніцтва. Аляксандр Лукашэнка ўжо ва ўступным слове назваў шэраг кірункаў супрацоўніцтва, якія могуць стаць рэальнымі кантрактамі. Гэта быў адказ тым, хто папракае Беларусь у нібы нежаданні ісці на сумесныя з Расіяй праекты.


Аляксандр Лукашэнка растлумачыў сваю пазіцыю. Рэалізацыя інтэграцыйнага праекта павінна прадугледжваць, па-першае, мадэрнізацыю вытворчасці, а па-другое - выхад з сумеснай якаснай прадукцыяй на новыя рынкі. У гэтым мэта, узаемавыгадная для краін. Інакш размова ўжо пра нешта іншае.


Настрой Аляксандра Лукашэнкі на прадметную гутарку яраслаўскі губернатар падхапіў і падзяліўся сваімі планамі. Яны перш за ўсё датычацца далейшых паставак яраслаўскіх рухавікоў. Яраслаўская вобласць гатова прапанаваць беларускім машынабудаўнікам новую лінейку рухавікоў.


Сяргей Ястрабаў, губернатар Яраслаўскай вобласці Расіі: Адна з тэмаў - газавы рухавік. Мы сёлета гатовыя прапанаваць на рынак сямейства газавых рухавікоў Яраслаўскага маторнага завода, якія павінны прыйсці ў замяшчэнне або ў дапамогу традыцыйным дызельным маторам.


Такім чынам можна сэканоміць да 50% расходу выдаткаў на паліва, - адзначыў губернатар. - Галоўнае, што мы павінны прыйсці да заключэння, што гэта нашае агульнае стварэнне, якое нараджаецца на беларускай зямлі з яраслаўскім сэрцам.


У размову ўступае першы віцэ-прэм'ер Уладзімір Сямашка. І цэлым пакетам прапаноў выдае тое, што можа стаць дарожнай картай супрацоўніцтва на найбліжэйшую перспектыву. МАЗ, Гомсельмаш, МТЗ - усе беларускія машынабудаўнікі маюць патрэбу ў якасным рухавіку. Самае актуальнае - гэта рухавікі новага пакалення. Магутныя (больш за 600 конскіх сіл) для велікагрузаў, 350-500 - для МТЗ. Перспектыва найбліжэйшага часу - газавыя рухавікі. Праект выгадны, згаджаецца першы віцэ-прэм'ер Сямашка і распавядае аб планах перавесці камунальную тэхніку на газавыя рухавікі.


Уладзімір Сямашка, першы намеснік Прэм'ер-міністра Беларусі: Падлічылі. Перавод толькі камунальнай тэхнікі на газ дазволіць эканоміць да 130 мільёнаў долараў за год.


Яшчэ адзін кірунак - паліўная апаратура. Сёння гэтая ніша адкрытая. Як, зрэшты, і многія іншыя. Прапаноў ад сусветных пастаўшчыкоў шмат, але нягледзячы на гэта Аляксандр Лукашэнка гатовы аддаць перавагу расійскім партнёрам.


Каб дамоўленасці сталі кантрактамі, дэлегацыя накіравалася на прадпрыемствы. Яшчэ ў першы дзень візіту наведалі МТЗ, МАЗ, малочна-таварную ферму і фабрыку гародніны, а сёння пабывалі на Амкадоры.


Валерый Кандратчык, генеральны дырэктар ААТ Амкадор: Амкадор - гэта адно з нямногіх прадпрыемстваў, якое выпускае настолькі шырокі пералік машын, што працуюць ва ўсіх галінах народнай гаспадаркі: у камунальнай і ў сельскай гаспадарцы, лясной і г. д. Напэўна, гэта самае галоўнае. Мы можам прапанаваць паслугі ў любой галіне, дзе мае патрэбу і Яраслаўская вобласць. Мы сёння валодаем поўным пералікам машын для лесакарыстання і лесанарыхтовак. Я думаю, што гэта і будзе прадметам гутарак сёння з Расійскай Федэрацыяй.


Дзмітрый Сакратароў, намеснік губернатара Яраслаўскай вобласці: Безумоўна, вельмі цікавае прадпрыемства і вельмі цікавая тэхніка, што адпавядае заходнім узорам. Прадпрыемства з 1927 года назапасіла глыбокі вопыт вытворчасці добрай дарожнай і спецыяльнай індустрыяльнай тэхнікі. Мы гаворым сёння пра гэтае прадпрыемства як пра адзін з пунктаў росту і павелічэння тавараабароту паміж Яраслаўскай вобласцю і Рэспублікай Беларусь у рамках дарожнай тэхнікі. Апошнія гады ў нас дынамічна асвойваецца дарожны фонд. І я думаю, што гэтая тэхніка будзе вельмі карыснай на дарогах нашай вобласці.


Дэталёвае абмеркаванне планаў прадоўжылася ўжо ў Доме ўрада. Тут дамоўленасці набываюць абрысы праектаў.


Дзелавая частка візіту завяршылася. Планы на будучыню набылі рэальныя абрысы. Але падчас гутарак аб паўсядзённым яраслаўцы не забыліся аддаць даніну памяці загінуўшым - тым, хто абараніў права на тое, каб жыць сёння і будаваць планы на заўтра.