Кіраўнік дзяржавы сустрэўся з Генеральным пракурорам Беларусі

14 ноября 2013

Аляксандр Канюк дэталёва паінфармаваў Прэзідэнта аб крымінагенным становішчы ў краіне. Агульная злачыннасць у Беларусі знізілася на 5%. Нягледзячы на станоўчую дынаміку, Аляксандр Лукашэнка выказаў занепакоенасць павелічэннем колькасці цяжкіх і асабліва цяжкіх злачынстваў. На думку Кіраўніка дзяржавы, праваахоўныя органы павінны актывізаваць прафілактычныя мерапрыемствы.


У гутарцы Аляксандр Лукашэнка яшчэ раз падкрэсліў, што асаблівую ўвагу неабходна надаць скарачэнню колькасці злачынстваў у сямейна-бытавой сферы, а таксама барацьбе з карупцыйнымі праявамі.


Генпракурор Беларусі паведаміў Прэзідэнту і аб ходзе расследавання рэзанансных спраў у краіне. У прыватнасці, размова ішла аб сітуацыі вакол Уралкалія.


У дакладзе Прэзідэнту ў Аляксандра Канюка значылася яшчэ адна станоўчая лічба. На 14% паменшылася колькасць злачынстваў, учыненых вадзіцелямі ў стане алкагольнага ап'янення. Нагадаем, 24 кастрычніка пачалі дзейнічаць антыалкагольныя папраўкі ў заканадаўства. Яны ўзмацнілі жорсткасць адказнасці за кіраванне ў п'яным выглядзе. Штрафы павялічаныя ў тры разы. А ў выпадку рэцыдыву прадугледжаная безумоўная канфіскацыя аўтамабіля.