Кіраўнік дзяржавы ўручыў узнагароды прадстаўнікам культуры, мастацтва і СМІ. Сярод іх нашы калегі. Віншуем!

12 января 2018

Вядомыя персоны павінны ствараць моду на здаровы лад жыцця, глыбокія веды, фарміраваць пачуццё гонару за народ і краіну. Такое меркаванне выказаў Кіраўнік дзяржавы Аляксандр Лукашэнка падчас прыёму на стары Новы год.

Сустрэча ў такім фармаце стала ўжо добрай традыцыяй, калі прадстаўнікі вядучых СМІ, творчай інтэлігенцыі, спартсмены і дзяржслужачыя могуць пагутарыць у нефармальнай атмасферы. Звяртаючыся да ўдзельнікаў прыёму, Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што ў сучасным хутка зменлівым свеце беларусам важна не страціць сваю ідэнтычнасць, бо цяперашняе пакаленне беларусаў жыве ў вельмі няпросты час, калі няма магчымасці адгарадзіцца ад негатыўных працэсаў звонку.

Сёння ж Аляксандр Лукашэнка ўручыў прадстаўнікам СМІ, культуры і мастацтва дзяржаўныя ўзнагароды. Яны прысуджаны за шматгадовую плённую працу, вялікі асабісты ўклад у развіццё нацыянальнай журналістыкі, стварэнне адзінай інфармацыйнай прасторы, удасканаленне беларуска-расійскага супрацоўніцтва ў галіне тэлебачання і радыё, значныя дасягненні ў сферы культуры і мастацтва. Сярод уладальнікаў і нашы калегі. Медаля Францыска Скарыны ўдастоена загадчык аддзела палітычных аглядальнікаў галоўнай дырэкцыі АТН Вольга Макей. Таксама Кіраўнік дзяржавы аб’явіў падзяку шэрагу работнікаў беларускіх сродкаў масавай інфармацыі за высокае прафесійнае майстэрства, значны асабісты ўклад у асвятленне важных падзей грамадска-палітычнага жыцця краіны. Падзякі ў тым ліку паступілі ў адрас намесніка начальніка аддзела спецпраектаў Наталлі Ждановіч і намесніка галоўнага дырэктара АТН Сяргея Хамянтоўскага. Таксама сёння ордэнам Францыска Скарыны ўзнагароджаны дырэктар тэлерадыёкампаніі "Мір" у Беларусі Уладзімір Пярцоў. А ганаровае званне "Заслужаны артыст Рэспублікі Беларусь" прысвоена артысту эстрады Аляксандру Саладуху.