Кіраўнік дзяржавы звярнуўся са штогадовым Пасланнем да беларускага народа і парламента

21 апреля 2017

Яно атрымалася вельмі канкрэтным і актуальным. У Авальнай зале Дома ўрада Прэзідэнт агучыў стратэгію развіцця краіны на найбліжэйшую перспектыву. А таксама даў лаканічныя адказы на пытанні парламентарыяў, што тычацца ўсіх сфер і хвалююць грамадства. Стабільнасць і бяспека ў сучасным свеце - цэнтральная тэма, з якой пачаў Аляксандр Лукашэнка сваё выступленне. Вядомыя выклікі і пагрозы нікуды не сыходзяць, у той жа час узнікаюць і прынцыпова новыя. Прэзідэнт асобна падкрэсліў, што выпрацоўка новай светабудовы ідзе не столькі за сталом перамоў, колькі ў гарачых пунктах. Уплывовыя сусветныя гульцы не заўсёды гатовыя шукаць кампраміс і ўсё часцей лічаць за лепшае іграць мускуламі. Па сутнасці, адбываецца дрэйф да новага блокавага супрацьстаяння, падагульніў Кіраўнік дзяржавы.

Канкурэнтаздольная эканоміка заўтрашняга дня - аснова суверэнітэту нашай краіны. Гэта яшчэ адна тэма, якой Кіраўнік дзяржавы надаў вялікую ўвагу. У сусветным гандлі ўсё больш умацоўваецца прынцып: кожны сам за сябе. І ў такіх умовах даволі складана канкурыраваць вытворчасцям, арыентаваным на экспарт. Залежнасць краіны ад знешніх рынкаў працягвае дыктаваць умовы. А санкцыйныя адносіны ўдарылі па плацежаздольнасці партнёраў. У процівагу неабходна задзейнічаць усе рычагі вытворчасці якасных тавараў.

Занятасць грамадзян, неканкурэнтаздольных на рынку працы, па-ранейшаму застаецца сур'ёзнай праблемай. Дапамога ў працаўладкаванні - задача дзяржавы. Да 1 мая кожны, хто мае патрэбу ў рабочым месцы, павінен атрымаць магчымасць рэалізаваць сябе. Гэту задачу з пачатку вясны ўжо вырашаюць мясцовыя ўлады. Паралельна ідзе сур'ёзная праца па мадэрнізацыі 3-га дэкрэта.

Асобныя блокі выступлення Прэзідэнт прысвяціў сацыяльнай палітыцы, пытанням нацыянальнай бяспекі і ўзаемадзеянню Беларусі са знешнім светам. Падрабязна пра ўсё мы распавядзём у наступным выпуску ў 19:00.