Кіраўнік дзяржавы з рабочай паездкай у Мінскай вобласці

11 апреля 2014
Кіраўнік дзяржавы з рабочай паездкай у Мінскай вобласці. У праграме візіту першапачаткова значыцца адзін асноўны пункт: наведванне фабрыкі Слуцкія паясы. Унікальныя тэхналогіі, адраджэнне традыцый, наведванне музея, цэхаў прадпрыемства, размовы з навукоўцамі і спецыялістамі. Гутарка аб аднаўленні нацыянальнага набытку, як і планавалася, атрымалася грунтоўнай. Толькі вось адзінай у праграме паездкі не стала.

Наогул такая практыка існуе. Знаходзячыся ў рэгіёне, Прэзідэнт рэдка абмяжоўваецца знаёмствам з нейкай адной, хай і важнай, вытворчасцю. Гутарка так або інакш тычыцца жыццядзейнасці вобласці ў цэлым, наяўных праблем. Так атрымалася і гэтым разам.

Нечакана для ўсіх Аляксандр Лукашэнка змяняе маршрут, каб наведаць найбольшй праблемныя прадпрыемствы Слуцка - льнозавод і мясакамбінат. Падагульніць убачанае тут можна адным словам: безгаспадарлівасць. Абуральныя факты пакінуць без увагі Прэзідэнт не мог. Адразу прыняты кадравыя рашэнні. З заўтрашняга дня дырэктарам ільнокамбіната стане старшыня камітэта па сельскай гаспадарцы і харчаванні Мінаблвыканкама. Па выніках наведвання праблемных прадпрыемстваў Кіраўнік дзяржавы аддаў распараджэнне ўзбудзіць і крымінальныя справы.

Аб усім па парадку Святлана Канапацкая.



Слуцк. У 17 стагоддзі назву гэтага горада добра ведала Еўропа. Тут быў цэнтр тэкстыльнай прамысловасці, дзе выраблялі тыя самыя ўнікальныя слуцкія паясы.

Сёння гэты горад зноў уваходзіць у гісторыю. Зараз як месца, дзе адраджаецца брэнд Беларусі і разам з ім традыцыя беларускага ткацтва.


Аб неабходнасці захоўваць і ўсяляк развіваць нацыянальныя традыцыі Прэзідэнт гаварыў не раз. І зроблена нямала.

А вось здымкі 2002 года. Аляксандр Лукашэнка наведвае музей Вялікай Айчыннай вайны. Многія экспанаты ў дрэнным стане. Вільготнасць высокая. Прэзідэнт ставіць пытанне аб будаўніцтве новага будынка сховішча. І тут Аляксандру Лукашэнка паказваюць гонар Беларусі - слуцкі пояс. І толькі праз 10 гадоў ужо на Пасланні парламенту і народу Прэзідэнт агучвае ідэю, якая выкрышталізавалася ў дзяржаўную задачу - адрадзіць старажытнае мастацтва і перадаць яго сакрэты будучым пакаленням беларусаў.



І вось праз 2 гады новы гістарычны віток. Ідэя стала рэальнасцю. Яна ўвасобілася ў праект і дала новае жыццё слуцкай фабрыцы. Пасля рэканструкцыі яна стала вытворча-культурным комплексам. Прэзідэнт прайшоў па цэхах. Іх некалькі. У кожным вырабляюць розныя віды сувенірнай прадукцыі. Яна ўся з атрыбутамі нацыянальнага каларыту - вышытыя кашулі, ручнікі, тканыя палотны.


Новае сучаснае абсталяванне дазваляе хутка і якасна рабіць тое, на што раней ішлі месяцы. А галоўнае, гнутка рэагаваць на попыт пакупніка. А ў іх недахопу няма, пераконваюць Прэзідэнта.

Эканамічны складальнік праходзіць чырвонай ніткай у гутарцы. Вось і ў размове з мастачкай цэха якасці высвятляецца цікавая дэталь. Аказваецца, адраджэнне слуцкага пояса пацягнула за сабою развіццё і іншых кірункаў у ткацтве.

Вось на такім станку калісьці і выткалі першы слуцкі пояс. Тэхналогія ткацтва не змянілася па сённяшні дзень. А вось гэта ўжо сучасны станок. Гонар фабрыкі ды і ўсёй краіны. Разумная машына створана спецыяльна па заказе беларускіх спецыялістаў. Аналагаў няма ў свеце. Праграма задае патрэбны ўзор і машына сама ведае, як пераплесці гэтыя залатыя і шаўковыя ніткі, каб атрымаць той самы ўнікальны слуцкі пояс.

Сакрэт старажытнага майстэрства раскрыты і стаў здабыткам сучаснай Беларусі. Гутарка Прэзідэнта з прадстаўнікамі навукі ў музеі фабрыкі развеяла сумненні наконт неабходнасці гэтай вялікай і няпростай справы - адраджэння старажытнай традыцыі.



Копію першага слуцкага пояса, вырабленую тут на фабрыцы ўжо на сучасным станку, сёння ткачыхі ўручылі Прэзідэнту. Аляксандр Лукашэнка з асаблівым хваляваннем прыняў гэты падарунак.


Гэты пояс сёння быў дастаўлены ў Палац Незалежнасці і там змешчаны на самім ганаровым месцы.

За цырымоніяй назіралі работнікі фабрыкі. Жаночы складальнік тут пераважае над мужчынскім. Гэтае адзінае адрозненне сучаснага слуцкага пояса. У 17 стагоддзі ткачамі былі мужчыны. Але сітуацыя даўно змянілася ў бок жаночага пачатку. Прэзідэнт адзначыў, што нічога не мае супраць гэтага факта.

А на выхадзе з фабрыкі пачатая гутарка атрымала працяг. Прэзідэнт убачыў жыхароў горада, якія сабраліся, і падышоў да іх.

Пытанні былі розныя. Самае папулярнае - зарплата. Кожнаму хацелася, каб яна была большай.

Але не ўсе скардзіліся, былі і падзякі. Былы афганец падзякаваў за павышэнне пенсіі.
Прэзідэнт выслухаў усіх, у тым ліку тых, хто не знайшоў рашэння сваіх праблем у іншых інстанцыях. Кожная скарга ўзята на заметку. І на гэтым мерапрыемства павінна было б завяршыцца, але Прэзідэнт прыняў іншае рашэнне. І падставай стала гутарка, якая адбылася трохі раней ля стэндаў, калі ўлады інфармавалі аб сітуацыі ў рэгіёне. Размова зайшла аб праблемных прадпрыемствах - Слуцкім льнозаводзе і мясакамбінаце.

Прэзідэнт прыняў рашэнне наведаць гэтыя заводы. Ужо праз некалькі хвілін плакатныя даклады саступілі месца рэальнасці. Яна аказалася значна горшай.

Льнозавод. Горы нявыкарыстанай сыравіны пад адкрытым небам. Усюды гразь, у адным з памяшканняў звалена тэхніка. Прэзідэнт задае пытанне - як можна так захоўваць лён?! Ён з такой цяжкасцю вырошчваецца сялянамі.

Аляксандр Лукашэнка прайшоў усю тэрыторыю. Усюды адна карціна, назва якой - безгаспадарлівасць. Прэзідэнт агучвае рашэнне - пасаду дырэктара завода тут зойме старшыня камітэта па сельскай гаспадарцы Мінскага аблвыканкама. Па фактах будуць узбуджаны крымінальныя справы. Прэзідэнт даручае да 1 верасня навесці парадак. Гэта тычыцца не толькі Слуцкага льнозавода.

Наступны пункт - Слуцкі мясакамбінат. Карціна, якая адкрылася позірку, надоўга адбівала апетыт.

Груды мясных туш, якія ўжо пакрыліся цёмнымі плямамі, запаўнялі халадзільныя камеры. Яны так вісяць ужо некалькі гадоў. І папаўняюцца новымі. Ад убачанага мароз па скуры не толькі ад халадзільных камер.

Рашэнне Прэзідэнта і па гэтым прадпрыемстве прынята было на месцы. Па факце. Камбінат спыняе працу. Такое мяса нельга прадаваць людзям.

Праверкі чакаюць і ўсе іншыя прадпрыемствы краіны. Прэзідэнт аддаў адпаведныя распараджэнні.



Звяртаючыся да старшыні КДК, Аляксандр Лукашэнка папярэдзіў, што да 1 жніўня павінен быць наведзены парадак на ўсіх прадпрыемствах. Ён дадаў, што гэта тычыцца і прэм'ер-міністра з яго падначаленымі, і кіраўнікоў прадпрыемстваў.

Часу для навядзення парадку не так ужо і шмат. Прыйдзецца закасаць рукавы і разграбаць завалы.