Кіраўнік дзяржавы правёў сустрэчу са старшынёй ніжняй палаты Нацыянальнага сходу Уладзімірам Андрэйчанкам

28 марта 2016

Дзявятая сесія палаты прадстаўнікоў адкрыецца роўна праз тыдзень - 4 красавіка. Яна стане заключнай для дэпутатаў пятага склікання. Сёлета ў Беларусі павінны прайсці чарговыя парламенцкія выбары. І Аляксандр Лукашэнка разлічвае на тое, што прафесіяналізм беларускага парламента будзе толькі расці.

Уладзімір Андрэйчанка распавёў пра ход падрыхтоўкі да сесіі. Нягледзячы на завяршальны этап у працы цяперашняга склікання, парламентарыі не змяншаюць тэмп. Дэпутаты маюць намер разгледзець 62 пытанні. Сярод іх ваенная дактрына і праграма дзейнасці ўрада на найбліжэйшыя 5 гадоў. Да разгляду дакумента падключыліся і народныя выбраннікі. Унесены прапановы па пытаннях антыманапольнай палітыкі і стварэння рабочых месцаў. У пасяджэнні парламента пятага склікання плануе прыняць удзел і Прэзідэнт.

Дэпутаты будуць задзейнічаць і ўсе рычагі парламенцкай дыпламатыі для развіцця эканамічных кантактаў на міжнародным узроўні. Напрыклад, вынікам перамоў у Тайландзе сталі дамоўленасці аб пробных пастаўках нашай тэхнікі і ўгнаенняў. Запланаваны візіты ў Індыю, Латвію, Сербію. У Беларусі чакаюць дэлегацыі з Балгарыі, Чэхіі, Пакістана, Японіі. Прадоўжацца кантакты з Еўрапарламентам і з Парламенцкай асамблеяй АБСЕ.