Кіраўнік дзяржавы правёў нараду аб падрыхтоўцы да пасяўной

12 апреля 2013

Максімальна знізіць урон ад паводкі і скаардынаваць працу ўсіх неабходных структур. Такое даручэнне даў сёння Кіраўнік дзяржавы ўраду. Аляксандр Лукашэнка на нарадзе пазначыў адразу тры кірункі, па якіх неабходна актыўна працаваць. Гэта праблема падтаплення, сяўбы ярыны ў сціснутыя тэрміны, а таксама  навядзенне парадку ў краіне пасля зімы, пачынаючы з дарог і заканчваючы людскімі падворкамі.     


Кіраўнік дзяржавы акцэнтаваў асаблівую ўвагу на маючай адбыцца пасяўной. Сёлета  зацяжная зіма  не дае аграрыям  выйсці на палі, хоць летась  гэтым часам тэхніка працавала ўжо ва ўсіх рэгіёнах. Да таго ж у асобных раёнах выклікае апаскі стан азімых культур.


Паводле звестак Мінсельгасхарча,  у краіне ўсё гатова, каб  пасяўную правесці ў максімальна сціснутыя тэрміны. Гаспадаркі забяспечаныя насеннем, тэхніка падрыхтаваная. Таксама вырашаныя і  фінансавыя пытанні  з забеспячэннем  аграрыяў палівам.