Кіраўнік дзяржавы правёў перагаворы з віцэ-прэзідэнтам Эквадора

16 декабря 2013

Cёння ў Палацы Незалежнасці Кіраўнік дзяржавы правёў перагаворы з віцэ-прэзідэнтам Эквадора. Візіт Хорхе Гласа Эспінеля з'яўляецца вынікам дамоўленасцяў на вышэйшым узроўні, якія былі дасягнутыя ў кастрычніку гэтага года, калі нашу краіну наведаў прэзідэнт Эквадора Рафаэль Карэа. На сённяшняй сустрэчы акцэнт быў зроблены на развіццё гандлёва-эканамічных сувязяў. Бо агульны патэнцыял у дзвюх краін вялікі, і пакуль ён выкарыстоўваецца не ў поўнай меры.

Як падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка, у першую чаргу неабходна павялічыць тавараабарот. У цэлым у Беларусі няма закрытых тэм для ўмацавання трывалых адносін з Эквадорам. Перспектыўныя вектары ў развіцці супрацоўніцтва выбраны. І зараз самы час пачаць рэалізацыю сумесных праектаў.


Падрабязнасці ў рэпартажы - Ілоны Красуцкай.


28 чэрвеня 2012 года. Менавіта ў гэты дзень пачала пісацца новая гісторыя беларуска-эквадорскіх адносін. У Кіта прыбывае Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка. Першы ў гісторыі двухбаковых адносін афіцыйны візіт тады адзначыцца падпісаннем цэлага пераліку пагадненняў. Бакі дамаўляюцца аб стварэнні двухбаковай камісіі па гандлёва-эканамічным супрацоўніцтве.


Тая сустрэча запомнілася цёплымі зносінамі лідараў дзвюх краін - перспектыву ў адносінах адкрыта і па-сяброўску прэзідэнты абмеркавалі не толькі ў рамках пратакольных мерапрыемстваў. І тады ж Рафаэль Карэа атрымаў запрашэнне ад Аляксандра Лукашэнкі. У кастрычніку гэтага года Рафаэль Карэа здзейсніў візіт у адказ у нашу краіну.


Рафаэль Карэа, Прэзідэнт Рэспублікі Эквадор: Мы павінны прасунуцца далёка ў розных сферах. Ёсць абсалютна пэўныя кірункі, у якіх мы можам супрацоўнічаць. Гэта і стварэнне прадпрыемства па выпуску трактароў, гэта і вытворчасць медыкаментаў, і будаўніцтва ліній высакавольтных перадач. Таму мы знаходзімся на этапе прыняцця найважнейшых гістарычных рашэнняў.
Перад намі разнастайнасць буйных праектаў. Азначыўся прагрэс у плане пашырэння супрацоўніцтва ў галіне грамадскага транспарту. Размова ідзе аб ўзаемадзеянні прадпрыемства МАЗ з беларускага боку і прыватнага прадпрыемства Варма з эквадорскага. Але нам застаецца яшчэ вельмі шмат зрабіць. І трэба зрабіць гэта хутка.


Сённяшні візіт у Беларусь віцэ-прэзідэнта Эквадора - вынік тых самых дамоўленасцяў лідараў дзвюх краін і працяг стратэгіі на збліжэнне Мінска і Кіта. Аляксандр Лукашэнка сустракае Хорхе Гласа Эспінеля як добрага сябра.


Віцэ-прэзідэнт Эквадора, дарэчы, адзін з найбліжэйшых саратнікаў Рафаэля Карэа, у Беларусь прыбыў не адзін, а ў суправаджэнні прадстаўнічай дэлегацыі. З першых хвілін зносін Аляксандр Лукашэнка падкрэслівае - палітычныя адносіны Беларусі і Эквадора сёння на піку, чаго не скажаш аб гандлёва-эканамічным супрацоўніцтве. На думку Кіраўніка дзяржавы, менавіта павелічэнне двухбаковага тавараабароту павінна стаць першараднай задачай.


Структура эканомікі 15-мільённага Эквадора ў значнай ступені нагадвае венесуэльскую. Гэта значыць, што ў Мінска і Кіта ёсць усе магчымасці зрабіць сапраўдны прарыў у двухбаковых адносінах. Не выпадкова Аляксандр Лукашэнка заклікае прыгледзецца да вопыту сумеснай працы Беларусі і Венесуэлы.


Эканоміка Эквадора занадта залежыць ад экспарту прыродных рэсурсаў, што робіць яе ўразлівай. Перакос закліканы выправіць нацыянальны план развіцця, рэалізацыя якога зараз ідзе поўным ходам. Адна з яго мэт - індустрыялізацыя краіны. Эквадору неабходныя сучасныя вытворчасці і мадэрнізацыя многіх галін, у прыватнасці, энергетыкі, і вопыт Беларусі тут як нельга дарэчы.


Хорхе Глас Эспінель, віцэ-прэзідэнт Эквадора: Хачу падзякаваць Вам, спадар Прэзідэнт, за тое, што Вы прымаеце чарговую ўжо эквадорскую дэлегацыю. Наша задача - максімальна канкрэтызаваць будучыню супрацоўніцтва дзвюх краін. У нас падпісаны і дзейнічае ўжо нацплан развіцця. Мы збіраемся праводзіць вельмі вялікія планы па індустрыялізацыі. Энергетыка ў гэтай сувязі з'яўляецца ключом для дасягнення поспеху. Дзякуючы таму, што мы валодаем сур'ёзнымі гідрарэсурсамі, мы ў найбліжэйшы час збіраемся пабудаваць парадку 8 гідраэлектрастанцый.


Двухбаковы гандаль гэта добра, але краіны ўжо даўно вызначыліся. Прыярытэтам павінна стаць рэалізацыя сумесных інвестыцыйных праектаў. Канкрэтныя прапановы сёння эквадорская дэлегацыя абмяркоўвала ў Савеце Міністраў Беларусі. Кірункі супрацоўніцтва традыцыйныя: машынабудаванне, вытворчасць трактарнай і сельскагаспадарчай тэхнікі.


Сярод абмеркаванняў шматмільённых кантрактаў знайшлося месца і гістарычнай памяці. Пасля перагавораў высокія госці накіраваліся на плошчу Перамогі, каб ускласці ля манумента вянок ад дэлегацыі Эквадора ў памяць загінуўшых у гады Вялікай Айчыннай вайны.