Кіраўнік дзяржавы правёў вялікі ўрачысты прыём, прымеркаваны да старога Новага года

15 января 2016

Сёння Кіраўнік дзяржавы правёў вялікі ўрачысты прыём, прымеркаваны да старога Новага года. Ён традыцыйна вянчае калядныя і навагоднія святы.

Гэты вечар заўсёды праходзіць у сяброўскай атмасферы. Тут збіраюцца сапраўдныя аднадумцы. Запрошаныя выбітныя дзяржаўныя і грамадскія дзеячы, спартсмены, журналісты, прадстаўнікі сферы культуры. У гэтыя святочныя дні часцей за ўсё гавораць аб здзяйсненні жаданняў. Аляксандр Лукашэнка распавёў і аб сваім запаветным.

Падчас афіцыйнага навагодняга прыёму Прэзідэнт уручыў дзяржаўныя ўзнагароды заслужаным людзям краіны. Сярод іх - адразу два міністры. Ордэн Айчыны трэцяй ступені Аляксандр Лукашэнка ўручыў кіраўніку Міністэрства аховы здароўя Васілю Жарко. Ордэнамі Пашаны ўдастоеныя кіраўнік Мінпрацы Мар'яна Шчоткіна, а таксама галоўны архітэктар прадпрыемства "Белпрампраект" Марат Гроднікаў. Ганаровае званне "Заслужаны артыст Рэспублікі Беларусь" прысвоена салістцы Моладзевага тэатра эстрады Вікторыі Алешцы. Медаль "За працоўныя заслугі" з рук Прэзідэнта атрымаў трэнер хакейнай каманды "Юнацтва-Мінск" Міхаіл Захараў, а таксама наш калега - палітычны аглядальнік Агенцтва тэленавін Андрэй Крывашэеў.

Ушаноўвалі і пераможцаў 12-га Каляднага міжнароднага турніру аматараў хакея. Нагадаем, галоўны трафей спаборніцтваў застаўся ў Беларусі - перамогу дзявяты раз атрымала каманда Прэзідэнта. Спецыяльна для хакеістаў вырабілі торт у выглядзе лядовай арэны.