Кіраўнік дзяржавы працягвае інспектаваць ход уборачнай кампаніі

19 августа 2017

І сёння пад пільнай увагай Прэзідэнта стратэгічная для Беларусі галіна - льнаводства. Лён у нас апрацоўваецца здаўна, яго яшчэ называюць “паўночным шоўкам". Наша краіна ў пяцёрцы сусветных лідараў па вытворчасці льновалакна. Прычым у гэтай сферы ёсць рэзервы для росту эфектыўнасці. Такое меркаванне выказаў Аляксандр Лукашэнка, наведваючы прадпрыемства "Вусце" Аршанскага раёна. Ад галіны чакаюць максімальнага эфекту. А каб яго дасягнуць, патрэбна адладжаная сістэма працы. Якая роля адводзіцца ў гэтай справе навукоўцам, як гаспадаркі забяспечыць якасным насеннем айчыннай селекцыі, калі будзе вырашана праблема недахопу тэхнікі. Рэпартаж Вольгі Макей.

Яшчэ ў канцы 80-х кожная 10 тона льновалакна ў свеце мела беларускія карані. З гэтай сыравіны нават ткалі адзенне касманаўтам. З распадам Савецкага Саюза развалілася і льняная індустрыя: пасяўныя плошчы скараціліся ўдвая, ураджайнасць упала да 3 з паловай цэнтнераў з гектара, не хапала сродкаў і тэхнікі. Трэба было разматаць клубок праблем і лапіць дзіркі ў галіны.

Вярнуць Беларусі статус ільняной дзяржавы і вывесці галіну з крызісу - ініцыятыва Аляксандра Лукашэнкі. Фактычна з пачатку прэзідэнцтва вытворчасць лёну - пад асабістым кантролем Кіраўніка дзяржавы. За гэты час - сотні даручэнняў. Выконваліся яны не заўсёды паспяхова, але планку год ад года трэба было павышаць, каб не адстаць ад сусветных вытворцаў. А скептыкам упэўненае Прэзідэнта - "лёну ў Беларусі быць!"

Сёння Беларусь - сярод вядучых вытворцаў ільновалакна, уваходзіць у першую пяцёрку ў свеце. І гэта цяжка ўявіць, менавіта ў нашай краіне - чвэрць планетарных пасеваў гэтай культуры. Напэўна, не толькі за азёры Беларусь далі прозвішча сінявокай.

Убачыць блакітныя кветкі лёну - вялікая рэдкасць. Квітнее культура ўсяго паўдня на год. І мае рэпутацыю капрызнай. Каб атрымаць якасны ўраджай, літаральна павінны сысціся ўсе карты: і асаблівы склад глебы, і ўмовы надвор’я. Акрамя таго, на адным полі лён вырошчваць можна толькі раз на 7 гадоў.

Над тым як прыручыць свавольную культуру, у Беларусі працуе цэлы інстытут лёну. Ён размешчаны ў Віцебскай вобласці нездарма: у гэтым рэгіёне - траціна рэспубліканскіх пасеваў. Гэта поле ў Аршанскім раёне як раз належыць навукоўцам.

Участак "Вусце". Кіраўнік інстытута Іван Голуб пра лён ведае, здаецца, усё, займаецца апрацоўкай культуры ўжо 43 гады. Нават жыве недалёка ад гэтых палёў. Навуковец тлумачыць, што яшчэ 15 гадоў таму ўраджайнасць была 4 цэнтнеры з гектара, сёння ўдвая вышэйшая. А беларускія гатункі нічым не саступаюць імпартным.

Развіццё льнаводства - на кантролі ў Кіраўніка дзяржавы. За апошнія гады гэтая тэма не раз гучала на нарадах, у тым ліку і спецыяльных, прысвечаных лёну. Бывае Аляксандр Лукашэнка і на перапрацоўчых камбінатах. Сёння, як і напярэдадні, Прэзідэнт у полі.

На гэты ўчастак, што належыць навукоўцам, Кіраўнік дзяржавы прыехаў нездарма. Менавіта тут вырошчваюць лён з прымяненнем лепшых сусветных практык і перадавых тэхналогій. Па сутнасці, гэтае поле - узорнае для ўсіх ільнаводчых гаспадарак краіны і менавіта сюды на вучобу прыязджаюць спецыялісты з усёй рэспублікі. Прэзідэнт дэталёва і ў нюансах цікавіцца ўсімі тонкасцямі вырошчвання культуры, каб ведаць аб праблемах і разумець, як больш эфектыўна апрацоўваць лён, каб ён прыносіў прыбытак краіне.

Сёння ў аграрыяў цэлы арсенал тэхнікі: ад звыклых камбайнаў, прэс-падборшчыкаў і пагрузчыкаў да агрэгатаў з незразумелымі для абывацеля назвамі - льноцерабілкі або самаходныя абгортвальнікі стужак. Усе яны прызначаны для таго, каб максімальна хутка сабраць ураджай з палёў. Бо ва ўборцы лёну лік ідзе часам не на дні, а на гадзіны. Толькі вось патрэбнай тэхнікі хапае далёка не ва ўсіх гаспадарках. Частку старых камбайнаў трэба аднаўляць, разам з тым закупіць новыя.

Галоўная задача навукоўцаў - не толькі развіваць перадавыя тэхналогіі, але і больш актыўна ўкараняць іх на практыцы. Для гэтага трэба шчыльна ўзаемадзейнічаць з аграрыямі на месцах, і не проста дапамагаць парадай, але і спытаць за вынік. Пакуль тэхналогію захоўваюць далёка не ўсюды, а ад гэтага страты ўраджаю.

Асобная тэма - насенняводства. Навукоўцы прызнаюцца, на стварэнне гатунку часам ідуць гады. У часы Саюза ў Беларусі было ўсяго два віды насення, а за апошнія 10 гадоў навукоўцы вывелі 16. Грант - ім засеяна гэтае поле - гонар селекцыянераў. Гэты гатунак па ўсіх характарыстыках нумар адзін сярод беларускіх.

А вось каб забяспечыць усю краіну якасным насеннем, створаць 5-6 спецыялізаваных цэнтраў. Гэта даручэнне Прэзідэнта.

Па вытворчасці льновалакна наша краіна - на трэцім месцы ў свеце. Апярэджваюць толькі Кітай і Францыя. І гэта прадукт, які прыносіць прыбытак. Валакно і насенне карыстаюцца попытам на знешніх рынках. Толькі Расія, напрыклад, купляе нашага насення не менш, чым усе беларускія аграрыі разам узятыя. У стагоддзе з прыстаўкай эка- карыстаюцца папулярнасцю і натуральныя валокны. А рэнтабельнасць продажаў паўночнага шоўку сёння 70 %, не менш, чым у нафты. Але атрымліваць такі прыбытак можна толькі пры высокатэхналагічнай вытворчасці па ўсёй краіне. Аляксандр Лукашэнка ўспамінае, як і сам не раз яшчэ на пасадзе кіраўніка гаспадаркі ездзіў пераймаць самы лепшы вопыт.

Сёння на полі Прэзідэнт успомніў і як убіралі гэтую культуру раней. Нездарма гавораць: лён любіць паклон. Раней, калі пра сучасную тэхніку можна было толькі марыць, збіралі сцеблі выключна рукамі.

Зрэшты, ужо стала традыцыяй, у полі, дзе працуе Прэзідэнт, без справы не застанецца ніхто. Падключыўся віцэ-прэм'ер, прэс-сакратар Прэзідэнта, аграрыі і наша здымачная група.

Раней гэта называлася - браць лён. Вядома, для рэпарцёра, які прывыкнуў, хутчэй, трымаць мікрафон, задача не з лёгкіх. Атрымліваецца не адразу, сцеблі на руках пакідаюць жоўтыя сляды. Але працэс захапіў усіх прысутных.

Раней на палях менавіта так збіралі гэтую культуру і вязалі ў снапы, якія называюцца "тукачамі". Бо перш бярэмем сцебляў пастукваюць па зямлі. Такі сноп з'явіўся на полі і сёння.

Наогул лён для Беларусі - культура не толькі гістарычная, але і палітычная. Нездарма каштоўную расліну размясцілі на гербе БССР яшчэ ў 50-х. Сіняя кветка на дзяржсімволіцы ўтрымалася нават падчас развалу Саюза і працягвае ўпрыгожваць нацыянальны сімвал і сёння.

Гавораць, беларускія льняныя валокны выкарысталі нават у вытворчасці еўрабанкнот. Але ў валюту сёння важна канвертаваць самі льняныя валокны. Нездарма гавораць - хто пасее лён, той пажне золата.