Кіраўнік дзяржавы прыняў з дакладам Аляксандра Якабсона

25 июля 2013
Аптымізацыя Камітэта дзяржкантролю, праверка сістэм ЖКГ, а таксама страхавой сферы і спыненне незаконнага абароту тавараў. Сёння Кіраўнік дзяржавы прыняў з дакладам кіраўніка галоўнага кантрольнага ведамства краіны. Аляксандр Якабсон далажыў Прэзідэнту аб выяўленых недахопах у працы па энергазахаванні ў дзяржаўных арганізацыях. Часта яны фармальна падыходзяць да распрацоўкі праграм па энергаэфектыўнасці і зрываюць тэрміны будаўніцтва новых аб'ектаў, якія павінны працаваць на мясцовых відах паліва. У выніку гэта прыводзіць да дадатковых выдаткаў.

Таксама Прэзідэнт запатрабаваў узмацніць працу Камітэта дзяржкантролю ў барацьбе з ілжэструктурамі. Як далажыў Аляксандр Якабсон, фінансавая міліцыя актывізавала працу па выкрыцці ценявых схем рэалізацыі тавараў як на знешнім, так і на ўнутраным рынку. Толькі з пачатку года ліквідавана незаконная дзейнасць трох злачынных груп, якія займаліся ценявым экспартам малочных тавараў у Расію. Узбуджаны 8 крымінальных спраў.

Камітэт дзяржкантролю выявіў шэраг недахопаў і парушэнняў у працы страхавых кампаній. Гаворка ідзе пра неэфектыўнае выкарыстанне бюджэтных сродкаў, якія накіроўваюцца на страхаванне будучага ўраджаю. Прапановы па выпраўленні сітуацыі на страхавым рынку Камітэт дзяржкантролю ўжо накіраваў на разгляд у Саўмін.