Кіраўнік дзяржавы прыняў некалькі кадравых рашэнняў

13 июня 2016

Новыя кіраўнікі дыпмісій, рэгіянальнай вертыкалі, а таксама папаўненне ў міністэрскім корпусе - усяго пасады атрымалі 28 чалавек. Для іх пачынаецца новы адказны этап. Краіна рыхтуецца да важных палітычных падзей - правядзення Усебеларускага народнага сходу і да парламенцкіх выбараў. Улічваючы ўсе фактары і няпросты час, Аляксандр Лукашэнка адзначыў неабходнасць максімальнай аддачы. Так, ад кіраўнікоў рэгіёнаў у першую чаргу чакаюць прынцыпова новых падыходаў для паспяховага пераадолення сучасных выклікаў.

Што ж датычыцца працы новых дыпламатаў за мяжой - а яны з'явяцца ў В'етнаме, Камбоджы, Украіне, Бразіліі, Германіі, Эфіопіі і Угандзе, - то тут акцэнт на эканоміку і экспарт. Да іх галоўныя патрабаванні - развіццё сувязяў з краінамі і рэгіёнамі. Падрабязнасці кадравага дня ў Вольгі Макей.

Гэты панядзелак у рабочым графіку Прэзідэнта - кадравы дзень, а для будучых кіраванцаў - чарговы крок на кар'ернай лесвіцы. Новыя прозвішчы з гэтага дня насупраць амаль трох дзясяткаў пасад самага рознага ўзроўню. З большай часткай прызначаных асоб Кіраўнік дзяржавы сустракаецца асабіста. Бо ў цяперашніх эканамічных умовах значнасць кожнага кіраўніка асабліва ўзрастае. Ці то ўзровень кіраўніка раёна ці пасла ў іншай краіне.

Для многіх з іх гэты візіт у Палац Незалежнасці - першы. Таму будучыя кіраўнікі, нягледзячы на свае ранейшыя статусы, прыкметна хвалююцца. Кожнаму трэба прайсці суразмоўе з Кіраўніком дзяржавы. Першымі, каго Аляксандр Лукашэнка запрашае да гутаркі, - прадстаўнікі мясцовай улады.

Новыя кіраўнікі зараз у сямі раёнаў краіны: Бярозаўскага, Лельчыцкага, Лоеўскага, Дзятлаўскага, Мастоўскага, Валожынскага і Старадарожскага. Пры гэтым шасцярым прыйдзецца пераехаць у іншыя гарады. Гэтыя прызначэнні - не проста фармальнасць. Прэзідэнт уважліва цікавіцца справамі ў кожным рэгіёне. Першае, што напрошваецца: а што ж папярэднікі? Апынулася, спраўляюцца не ўсе.

Сярод задач, якія трэба вырашаць новым кіраўнікам раёнаў, асноўная - эканоміка. Бо менавіта ад кіраўнікоў на месцах, і не толькі ад тых, хто сёння на сустрэчы з Прэзідэнтам, залежыць тое, як уся краіна будзе жыць заўтра. Таму з кіраванцамі мужчынская гутарка. Працу пачынаць з першага дня.

Новыя кіраўнікі раёнаў - у мінулым альбо эканамісты, альбо аграрыі. Гэта, вядома, прыярытэтныя сферы і ў іх будучай працы. Напрыклад, старшыня Мастоўскага райвыканкама Юрый Валяваты да гэтага дня ўзначальваў упраўленне сельскай гаспадаркі Ваўкавыскага раёна. Падобная пасада была і ў цяперашняга калегі па Лоеўскім раёне. Дарэчы, там Сяргей Дзмітроў мае намер зрабіць стаўку на развіццё аграбізнесу - прырода дыктуе. Зрэшты, пра планы - у сваіх першых інтэрв'ю.

Эканоміка стала галоўнай тэмай і на сустрэчы з тымі, хто папоўніць кадравы рэестр знешнепалітычнага ведамства. Бо паслы, па сутнасці, - гэта міністры эканомікі Беларусі ў краінах-партнёрах. Адразу ў сямі пунктах, ад Сеула да Рыа, - новыя кіраўнікі дыппрадстаўніцтваў.

Напрыклад, для Юрыя Лазарчыка пасада пасла Ірана стала крокам уверх на кар'ернай лесвіцы. Да гэтага быў старшым саветнікам у гэтым жа дыппрадстаўніцтве. Місію ў Карэі зараз узначаліць Андрэй Папкоў. А ў Славакію адправіцца Ігар Ляшчэня.

Новы пасол Беларусі і ў В'етнаме. Сімвалічна, але Уладзімір Гошын да нядаўняга часу быў міністрам па мытным супрацоўніцтве ў Еўразійскай эканамічнай камісіі. А ЕАЭС як раз нядаўна прыняў Ханой у зону свабоднага гандлю з краінамі інтэграцыі.

В'етнам - стратэгічны партнёр Беларусі ў Паўднёва-Усходняй Азіі. Сведчанне таму - леташні дзяржаўны візіт Аляксандра Лукашэнкі, на мове дыпламатыі гэта найзначнейшы візіт. Яшчэ тады Прэзідэнт падкрэслівае: В'етнам павінен стаць беларускім плацдармам для гандлю ва ўсім рэгіёне.

З Мінска ў Кіеў у пасадзе пасла пераедзе Ігар Сокал, які да гэтага ўзначальваў апарат Савета Міністраў. Дарэчы, ва Украіне цяперашні кіраўнік місіі пражыў 16 гадоў, атрымаў там дзве вышэйшыя адукацыі. Так што рэгіён знаёмы.

Украіна на працягу пяці гадоў уваходзіць у тройку знешнепалітычных партнёраў Беларусі. За 2015 агульная лічба тавараабароту - 3,5 мільярда долараў. Падтрымліваць і павялічваць гэтую планку зараз разам з новым паслом будзе і новы генконсул у Адэсе. На гэтую пасаду сёння прызначаны Уладзімір Чахлоў.

Новы кіраўнік дыппрадстаўніцтва і ў Бразіліі. Аляксандру Царкоўскаму задача - больш актыўна развіваць адносіны з вядучай краінай Лацінскай Амерыкі. Яшчэ адно ключавое кадравае рашэнне: у сталіцу Еўрасаюза адправіцца Аляксандр Міхневіч, які раней займаў пасаду першага намесніка міністра замежных спраў.

Аляксандр Міхневіч - вопытны дыпламат сферы міжнародных адносін прысвяціў без малога тры дзясяткі гадоў. На працягу шасці гадоў узначальваў і дыпмісію ў Вялікабрытаніі і Ірландыі.

Зараз пасаду пасла ў Бельгіі і Люксембургу будзе сумяшчаць з прадстаўніцтвам Беларусі пры ЕС і НАТА. Трэба будзе запаўняць новую старонку адносін Беларусі і ЕС пэўнымі прыкладамі супрацоўніцтва.

Па сутнасці, прадоўжыць справу, пачатую паслом Андрэем Еўдачэнкам, які зараз зойме пасаду першага намміністра замежных спраў.

Разлічвае Прэзідэнт і на новых рэктараў беларускіх ВНУ. Віцебскі тэхналагічны ўзначаліць Андрэй Кузняцоў. Да гэтага кіраваў кафедрай аўтаматызацыі тэхналагічных працэсаў. Новы рэктар і ў Гомельскага дзяржаўнага ўніверсітэта. Зрэшты, з Сяргеем Хахомавым студэнты знаёмыя - да гэтага быў першым прарэктарам. Нягледзячы на сур'ёзнасць размовы, гэтая гутарка хутчэй душэўная. Да выкладчыкаў у Прэзідэнта - асаблівае стаўленне. Аляксандр Лукашэнка - не рэдкі госць у беларускіх ВНУ, ды і за плячамі Кіраўніка дзяржавы - педагагічны інстытут.

Што паказаць Прэзідэнту ў гомельскім універсітэце ведаюць: тут 13 факультэтаў і актыўна развіваюцца навуковыя школы, якія ўжо вядомыя за межамі Беларусі. Гэта сферы фізікі, матэматыкі і біялогіі. Працуюць тут і міжнародныя лабараторыі. Вакуумна-плазменныя тэхналогіі вывучаюць сумесна з Кітаем. У найбліжэйшы час пачнуць навуковае супрацоўніцтва з Польшчай. У планах - развіваць самыя запатрабаваныя ў краіне спецыяльнасці.

Новыя пасады сёння атрымалі яшчэ шэсць чалавек. Наталля Жукава - зараз намміністра аховы здароўя. Такую ж пасаду ў Міністэрстве інфармацыі зойме Уладзімір Рабаволаў, а Юрый Чабатар - у Міністэрстве эканомікі. Новы намеснік старшыні і ў Ваенна-прамысловым камітэце - Генадзь Смольскі. А кіраўніком Дэпартамента па турызме ў Мінспорту стане Алена Пермінава. Новы генконсул і ў Мюнхене - зараз гэта Андрэй Кулажанка. Дырэктарам акцыянернага таварыства "Агат" стаў Міхаіл Дземчанка. А прадпрыемства "Белфармацыя" ўзначаліў Вячаслаў Гніцій. Новы кіраўнік спраў і ў Брэсцкім аблвыканкаме - Юрый Наркевіч.

Наперадзе ў кіраўнікоў - праца па-новаму. Хтосьці вернецца ў калектыў, але на іншай пасадзе, камусьці яшчэ прыйдзецца наладжваць адносіны з супрацоўнікамі. Але кіраўнік - гэта не проста новы запіс у працоўнай кніжцы - а ў першую чаргу - адказнасць і за людзей, і за вынік працы. Бо менавіта ад эфектыўнасці кіравання залежыць поспех рашэння не толькі прыватных задач, але і ў цэлым, развіццё ўсёй краіны. А ў гэтым поціску рукі Прэзідэнта - не проста жэст ветлівасці, а знак асаблівага даверу, які трэба будзе апраўдаць.