Прэзідэнт патрабуе да канца светлавога дня аднавіць электразабеспячэнне ў Беларусі. Сёння Аляксандр Лукашэнка прыняў з дакладам кіраўнікоў ведамстваў, задзейнічаных у барацьбе са снежнай стыхіяй. Кіраўнік дзяржавы паставіў некалькі ключавых задач па ліквідацыі наступстваў цыклону, які накрыў краіну на пачатку тыдня. Усе гэтыя дні работа камунальных, дарожна-будаўнічых службаў, ратавальнікаў ішла ў рэжыме нон-стоп.
Стыхія стала сапраўдным іспытам для транспартнай, энергетычнай, камунальнай сістэм. Па словах Прэзідэнта, адказныя за гэтыя сферы кіраўнікі павінны падкасаць рукавы і пачынаць працаваць на папярэджанне. Асабліва гэта датычыцца энергетыкаў. Дарэчы, у расчыстцы дваровых тэрыторый ад снегу актыўна ўдзельнічаюць усе беларусы. У такім надвор'і ёсць і свае плюсы. Для профільных службаў гэта вопыт, адзначыў Кіраўнік дзяржавы, адразу відаць вузкія месцы ў працы. Ну а што яшчэ больш важна: такое снежнае покрыва - залог багатага ўраджаю.













