Кіраўнік дзяржавы наведваў Валожынскі раён

22 августа 2014
Стаўка на беларускія традыцыі з нацыянальным каларытам. Менавіта развіццё агратурызму дапаможа адрадзіць глыбінку - тыя сялібы, за якімі замацавалася часткова крыўднае, часткова заслужанае: неперспектыўныя вёскі…Такую думку сёння выказаў Кіраўнік дзяржавы, наведваючы Валожынскі раён. Аляксандр Лукашэнка пабываў адразу ў дзвюх аграсядзібах. У адной займаюцца адраджэннем некалі забытых традыцый, у другой - развядзеннем коней. Указ аб развіцці агратурызму ў Беларусі быў падпісаны Прэзідэнтам у 2006. За гэты час колькасць сядзіб у краіне вырасла ў 10 разоў. І з кожным годам такі экалагічны адпачынак становіцца ўсё больш папулярным.

Чаму замест экзатычнага водпуска за мяжой многія лічаць за лепшае правесці канікулы ў падворках на ўлонні нашай прыроды - даведвалася Дар'я Белавусава-Пятроўская.

Дом у Валожынскім раёне Валерый Чаховіч з жонкай купілі 7 гадоў таму для дзяцей. Але малодшае пакаленне змяняць звыклае гарадское жыццё на сельскае не захацела. Як раз у гэты час Прэзідэнт Беларусі падпісаў указ аб развіцці агратурызму. Валерый Антонавіч узяў крэдыт на 7 гадоў пад 5% гадавых. Пабудаваў лазню, гасцявы дом, вялікую веранду, прывёў у парадак участак. Так з'явілася сядзіба Міхалова.


Адпачынак у аграсядзібе распісаны на некалькі месяцаў наперад. У асноўным прыязджаюць госці з блізкага замежжа. Так сёння ў беларускай сядзібе ўтульна размясціліся сем'і з Расіі і Украіны.


Рэнтабельнасць такога экалагічнага адпачынку - ад 30 да 120%. І паводле статыстыкі, самыя паспяховыя аграсядзібы знаходзяцца ў Валожынскім і Кобрынскім раёнах краіны. І сёння Прэзідэнт Беларусі на лепшых прыкладах убачыў, як любоў да зямлі, гасціннасць і працавітасць могуць адрадзіць закінутыя вёскі і сялібы.


За 6 гадоў у Беларусі колькасць аграсядзіб вырасла ў 10 разоў. Летась экалагічны адпачынак на беларускай прыродзе выбралі амаль 300 тысяч чалавек з 60 краін свету - ад Аўстраліі да Новай Зеландыі.


Беларусь - транзітная дзяржава. Праз нашу краіну ідуць дарогі ў Расію, Украіну, Польшчу, краіны Балтыі. Таму Аляксандр Лукашэнка звярнуў увагу на тое, што трэба больш актыўна развіваць прыдарожны сэрвіс. Пры гэтым не будаваць новыя аб'екты, а задзейнічаць найбліжэйшыя да трас населеныя пункты.


З кожным годам турысты становяцца ўсё больш патрабавальнымі. Сёння ўжо недастаткова проста прапанаваць начлег і сняданак, запыты сталі значна вышэйшыя: хтосьці аддае перавагу экскурсіі, хтосьці вывучае народныя рамёствы, а хтосьці хоча спакойна парыбачыць на беразе возера.

Направа пойдзеш - трапіш у аграсядзібу з сельскім побытам і нацыянальнай кухняй. Налева - вас чакае аграсядзіба, дзе займаюцца вырошчваннем коней, можна пакатацца конна або ў карэце. Гэты паказальны слуп - яркі прыклад кластарнай сістэмы. Гэта калі ўладальнікі сядзіб аб'ядноўваюцца разам і прапаноўваюць турыстам розныя паслугі.


Літаральна праз дарогу ад сядзібы Міхалова размясцілася аграсядзіба Поні-Коні. Уладальнік Аляксандр Сталярскі зрабіў стаўку на коней. Утрымлівае табун у 40 галоў. А галоўная адметнасць адпачынку - конныя маршруты на карэтах і дыліжансах.

Аграсядзібу Поні-коні пабудавалі за год. Акрамя коней, турыстаў чакае ўтульная гасцініца, невялікі рэстаран, лазня і душэўны рэтрабэнд Ганка, слухаючы які, ты нібы адкрываеш для сябе яшчэ адзін куток Беларусі.

Кіраўнік дзяржавы падзякаваў за гасціннасць і падкрэсліў, што з кожным годам адпачынак у аграсядзібах будзе ўсё больш папулярным. Бо ў нашым перанасычаным інфармацыяй жыцці ўсе хочуць цішыні і спакою. Беларусь тое месца, якое аднаўляе душэўныя сілы.